Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андыжан: сьведкі кажуць пра сотні забітых


АНДЫЖАН. Сытуацыя ва ўзбэцкім горадзе Андыжан пад кантролем – пра гэта паведамілі ў прэсавай службе прэзыдэнта Узбэкістану. Інфармацыя аб тым, што сёньня раніцай згарэў будынак абласной адміністрацыі абвергнутая. Як паведамляе карэспандэнт нашага радыё, мясцовыя жыхары кажуць пра сотні забітых, у часе хваляваньняў у Андыжане. Між тым агенцтва Associated Press паведамляе, што забітыя 500 чалавек, а тысячы параненыя. У сваю чаргу кіраўніца узбэцкай гуманітарнай арганізацыі “Анімакор” Рульбахор Тараева паведаміла нашаму радыё, што толькі ў адным аддзяленьні хуткай дапамогі яна налічыла 390 трупаў. Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў заявіў, што ўлады ўжо ведаюць людзей, якія справакавалі хваляваньні. (Карымаў) “Мы ведаем імёны практычна ўсіх арганізатараў – гэта адна з плыняў групоўкі “Хізб-ут-Тахрыр”. Яны маюць галоўную мэту – зьвергнуць канстытуцыйны лад, які існуе цяпер у краіне, уладу і стварыць халіфат, які аб’ядноўваў бы ўсіх мусульманаў, але быў бы супраць любых праяваў сьвецкага разьвіцьця”. Групоўка “Хізб-ут-Тахрыр абвяргае свой удзел у тым, што адбылося ў Андыжане.
XS
SM
MD
LG