Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 траўня затрымалі былога дэпутата Сяргея Скрабца


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта радыё "Свабода" паведаміў памочнік экс-парлямэнтара Сяргей Галаганюк. Затрыманьне адбылося каля кватэры Скрабца ва Ўруччы, а затым яго перавезьлі ў Берасьце, дзе разьмясьцілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле Сяргея Галаганюка, экс-дэпутат здолеў патэлефанаваць яму з мабільнага тэлефона адразу пасьля затрыманьня. Людзі, якія затрымалі Сяргея Скрабца, прадставіліся яму, як супрацоўнікі ўпраўленьня ў справах барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю:

(Галаганюк:) "Каля дзесятай гадзіны раніцы ён пайшоў у басэйн. І яго затрымалі. Яго, мабыць, чакалі каля пад''езду, магчыма званілі яму зьнізу, але ў яго дамафон быў адключаны. Скрабец спытаўся, на якой падставе яго затрымліваюць. Яму адказалі, па падазрэньні на тое, што ён хацеў даць хабар у памеры 30 тысячаў даляраў. Хацеў? Так жа можна любога затрымаць. Гэта ж нейкая бязглузьдзіца. У іх няма нічога..."

Сяргей Скрабец пасьпеў таксама перадаць, што яго вязуць на допыт у Берасьце, бо супрацоўнікі Упраўленьня інкрымінуюць яму жаданьне даць хабар нейкай службовай асобе Берасьця. Літаральна праз гадзіну пасьля затрыманьня Сяргея Скрабца ў ягонай кватэры, а таксама ў кватэры ягоных бацькоў правялі ператрусы. Пра гэта мне паведаміла жонка спадара Скрабца -- Аляксандра:

(Аляксандра Скрабец:) "Яны правялі ператрус у бацькоў, у нас дома. У нас шукалі нейкія дакумэнты, я пра іх нічога не ведаю, пра нейкую брэсцкую справу, быццам бы Сяргей там прапаноўваў камусьці нейкі хабар. Пазабіралі ягоныя старыя дакумэнты, лісты... У бацькі быў архіў -- выразкі газэтныя, іншыя матэрыялы пра Сяргея, яны там парыліся, і што хацелі, тое забралі. Гэтаксама й у нас. Забралі ягоны нататнік".

Паводле жонкі экс-дэпутата, "ператрусы праводзілі супрацоўнікі менскага ўпраўленьня ў справах барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. У іх была на гэта санкцыя з Берасьця". Сяргей Скрабец пасьпеў таксама перадаць жонцы, што ў Берасьці ягоным допытам будзе займацца следчы ў асабліва важных справах Андрэй Ліванаў. Да гэтага часу ніякай афіцыйнай інфармацыі ў справе Сяргея Скрабца няма.

Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Да абраньня дэпутатам ён кіраваў Гандлёвым домам "БелБабаеўскі". Скрабец абвінавачваўся ў незаконным атрыманьні крэдытаў ад дзяржавы. У кастрычніку мінулага году ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай даць яму палітычны прытулак. Аднак станоўчага адказу ён не атрымаў.

Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што праваахоўчыя ворганы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

Гл. таксама: • Сяргей Скрабец – за кратамі, на яго заведзеная крымінальная справа
XS
SM
MD
LG