Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над будынкам амфітэатру ў Віцебску лунаў вялізны бел-чырвона-белы сьцяг (фота)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэткім чынам тутэйшыя сябры “Маладога фронту” вырашылі адзначыць 10-ю гадавіну ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму, пасьля якога гістарычны беларускі сьцяг стаўся забароненай сымболікай, а расейская мова атрымала статус дзяржаўнай.

“Маладафронтаўцы” вывесілі сьцяг яшчэ ўночы, і зранку ўбачыць яго, ідучы на працу, змаглі шматлікія віцебскія мінакі. Некаторыя вельмі зьдзіўляліся, зноў убачыўшы у цэнтры гораду колішні сымбаль беларускае дзяржаўнасьці, але пачуць нейкія нэгатыўныя водгукі з гэтае нагоды не давялося.

(Хлопец:) “Гэта ж наш сьцяг, бел-чырвона-белы! А што сёньня за дзень такі? Гэта з нагоды рэфэрэндуму, што быў у 1995-м годзе! Малайцы, хлопцы, што павесілі! Падтрымліваю!”

(Дзяўчынка:)” Сёньня іду ў школу і бачу: усе людзі глядзяць кудысьці. Павярнула галаву, а там сьцяг вісіць, бел-чырвона-белы. Я тады маленькая была, як яго адмянілі. А так добра сёньня глядзеўся: надвор’е змрочнае, а тут у небе бел-чырвона-белы сьцяг!

Паглядзець на сьцяг над Віцебскам спынілася і Алена Залеская, старшыня гарадзкой арганізацыі АГП.

(Залесская:) “Калі я ішла і ўбачыла бел-чырвона-белы сьцяг над амфітэатрам, я ўзрадавалася проста да сьлёз! Гэта ж наш гістарычны сымбаль, наш сьцяг, а яго так зьневажаюць цяперашнія ўлады.

Дарэчы, як высьветлілася, менавіта дзякуючы Алене Залескай у Віцебску ў 1991 годзе быў вывешаны першы ў гісторыі гораду бел-чырвона-белы сьцяг.

(Залесская:) “Я згадала, як у 1991 годзе, пасьля путчу, мы сабраліся на Пляцы Волі. Побач стаялі хлопцы, якія гаварылі, што ў горадзе патрэбны сьцяг. Як мне здаецца, адзін з гэтых хлапцоў быў мастак Алесь Пушкін. Я сказала, што чырвоная тканіна ў мяне ёсьць, а белай няма, і тады мы пайшлі да Пушкіна ў майстэрню, і мне далі белую тканіну. Я пашыла сьцяг, і яго вывесілі над Ратушай. Ня ведаю, хто потым яго зьняў, але гэта быў першы бел-чырвона-белы сьцяг у гісторыі гораду”.

Апошні сцяг, вывешаны “маладафронтаўцамі”, па абедзе зьнялі міліцыянты. Сваю акцыю да ўгодкаў рэфэрэндуму маладыя віцябляне назвалі “Дзесяць гадоў змаганьня і адзін год – да перамогі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG