Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белыя сьцягі луналі над Сьвіслачу


Любоў Лунёва, Менск На рацэ Сьвіслач у Менску паміж Палацам спорту і мастом на Нямізе луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Сябры апазыцыйных моладзевых арганізацыяў нацыянальнымі сьцягамі ў цэнтры беларускай сталіцы адзначылі 10-годзьдзе рэфэрэндуму.

Акцыю правялі некалькі сяброў з моладзевых арганізацыяў “Правы альянс”, грамадзянскай ініцыятывы “Вока” і “Вольная моладзь”. Яны ўзялі на лодачнай станцыі некалькі катамаранаў і, калі былі на сярэдзіне ракі, разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі і адзін сьцяг Эўразьвязу. Цягам гадзіны людзі назіралі за гэтым відовішчам. Супрацоўнік станцыі ўгаворваў юнакоў спыніць акцыю, каб у фірмы пракату потым не было праблемаў з уладамі, але хлопцы не паслухаліся. Яны паабяцалі, што праз гадзіну акцыя скончыцца. Журналісты чулі, як па рацыі міліцыянты лаяліся паміж сабой наконт моладзі, але лезьці ў халодную ваду не было ахвочых.

Гаворыць Франак Вячорка:

(Вячорка:) “Натуральна, дапускалі такі варыянт, што амонаўцы палезуць у раку. Але ўжо перасталі баяцца. Супрацоўнік арганізацыі, якая займаецца пракатам катамаранаў, папярэджваў, што амонаўцы зараз палезуць за намі, але мы яму адказалі: “Калі ня мы, то хто будзе катацца са сьцягамі? Калі ня мы, то каму застаецца не баяцца?”. Сёньня ня самае лепшае надвор’е, і амонаўцы пабаяліся лезьці ў ваду. Думалі, што, калі давядзецца з намі змагацца, то можна будзе намачыцца і будзе небясьпечна. Нас праігнаравалі, зрабіўшы выгляд, што нас няма”.

Актывісты моладзевых арганізацыяў паведамілі Радыё Свабода, што заплянавалі яшчэ шэраг акцыяў. Найбліжэйшая - заўтра, 15 траўня, яны будуць зьбіраць подпісы ў цэнтры Менску супраць перайменаваньня вуліцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG