Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС Польшчы супраць скасаваньня вынікаў апошняга зьезду Саюзу палякаў Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з заявай адносна рашэньня беларускіх уладаў, якія прызналі нелегітымным 6-ы зьезд Саюзу палякаў Беларусі, які адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка сёлета. У заяве зазначана, што польскае МЗС успрыняло паведамленьне аб такім рашэньні “з абурэньнем”

Далей гаворыцца, што Польшча ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, але ня можа абыякава прымаць зьвесткі наконт дзеяньняў, якія парушаюць агульнапрынятыя міжнародныя стандарты, што датычаць нацыянальных меншасьцяў, і якія прадугледжаны польска-беларускім пагадненьнем у гэтай галіне.

Сягаючы часу падрыхтоўкі да зьезду СПБ, МЗС Польшчы зазначае, што “яшчэ перад зьездам беларускія органы бясьпекі дапусьцілі адносна часткі дзеячаў СПБ недапушчальныя дзеяньні”, якія мелі на мэце застрашыць праціўнікаў “ухваленага гэтымі органамі старшыні Саюзу”. Далей гаворыцца, што яшчэ мацнейшыя рэпрэсіі былі скіраваныя на новаабранае кіраўніцтва Саюзу палякаў. Хаця, як зазначаецца ў заяве, прысутныя на зьезьдзе “адназначна сьцьвярджаюць, што ён адбыўся з захаваньнем дэмакратычных працэдураў”.

У заяве польскага міністэрства замежных справаў зазначана: “Мы жадаем скасаваньня рашэньня аб прызнаньні зьезду несапраўдным”. Польскі бок выказвае таксама салідарнасьць з усёй польскай меншасьцю ў Беларусі.

.
XS
SM
MD
LG