Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўжо карыстаюцца міжпартыйнымі спрэчкамі беларускіх сацыял-дэмакратаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гарвыканкам даслаў апазыцыянэрам адмову на правядзеньне мітынгу 15-га траўня. У якасьці прычыны было пазначана тое, што аўтарка заявы Алена Фаміна назвалася прадстаўніцай беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” пад кіраўніцтвам Мікалая Статкевіча, а супрацоўнікі ўлады, як высьветлілася, ведаюць толькі аднайменную партыю на чале з Аляксандрам Казуліным.

Віцебскія прыхільнікі Мікалая Статкевіча абураныя тым, што гарвыканкам рабіў запыты пра партыйную прыналежнасьць Алены Фаміной, зьвярнуўшыся праз Міністэрства юстыцыі да Анатоля Ляўковіча, прадстаўніка аднайменнай палітычнай структуры, якую яны лічаць нелегітымнай.

У сваю чаргу спадар Ляўковіч не пацьвердзіў сяброўства ў партыі Алены Фаміной з тае прычыны, што яшчэ месяц таму віцебская гарадзкая арганізацыя БСДП “Народная Грамада” адмовілася прайсьці працэдуру перарэгістрацыі і ўвайсьці ў новае партыйнае ўтварэньне .

Зазначыўшы, што спадарыня Фаміна ня мела права зьвяртацца з заявай як прадстаўніца партыі, гарвыканкам адмовіў у правядзеньні мітынгу, які меўся адбыцца ў бліжэйшую нядзелю. Нягледзячы на тое, што заяўленая тэма імпрэзы ня толькі не закранала пэўныя партыйныя інтарэсы, але насупраць -- была арыентаваная на самыя шырокія колы грамадзкасьці: “Абмеркаваньне штогадовага звароту Аляксандра Лукашэнкі да парлямэнту і народу”.

За апошні месяц гэта была ўжо другая адмова віцебскім апазыцыянэрам у правядзеньні грамадзкіх акцыяў, хаця дазволу на іх прасілі ў законным парадку і меркавалі правесьці ў адмыслова адведзеным для гэтага ўладамі месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG