Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць беларусаў сталі Праведнікамі народаў сьвету


Альгерд Невяроўскі, Менск Амбасада Ізраілю ў Беларусі правяла 13 траўня цырымонію ўзнагароджаньня Праведнікаў народаў сьвету — тых беларусаў, якія ў гады другой усясьветнай вайны ратавалі габрэяў ад нацысцкага зьнішчэньня. Сёлета кавалерамі гэтай узнагароды сталі дзевяць чалавек, большасьць зь іх — пасьмяротна.

Цырымонія ўзнагароджаньня дыплёмамі і мэдалямі Праведнікаў народаў сьвету праходзіла ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры ў Менску. Гэта першае ўручэньне такіх узнагародаў беларускім грамадзянам пасьля аднаўленьня дзейнасьці амбасады Ізраілю ў Менску ў сьнежні мінулага году. Гаворыць амбасадар Ізраілю Зэеў Бэн-Ар’е:

(Бэн-Ар’е: ) “Гэта зьвязана з Днём Перамогі, гэта зьвязана з Днём Незалежнасьці Ізраілю, які адзначаўся ўчора. І гэта зьвязана з аднаўленьнем працы амбасады Ізраілю ў Менску. Мы лічым гэта адным з найважнейшых і пачэсных абавязкаў. Мы сёньня ўручаем дзевяць граматаў і мэдалёў. На вялікі жаль, час ідзе — і ўсё больш і больш узнагароджаньняў пасьмяротна. Бо праведнікі паміраюць, і мы ўручаем граматы і ўзнагароды іх дзецям і ўнукам”.

Сярод узнагароджаных сёньня новых беларускіх праведнікаў прысутнічала толькі адна жанчына, якая ў гады вайны ратавала сваю габрэйскую сяброўку і яе маці. Вось што распавяла ў інтэрвію беларускай “Свабодзе” 80-гадовая Ганна Хамінцэвіч зь вёскі Даманавічы Салігорскага раёну:

(Хамінцэвіч: ) “Яны ў мяне жылі шэсьць тыдняў, мы іх хавалі. А гэта быў мароз вялікі. Летам яны былі на паддашку, а зімой мой бацька запаліць печку-грубку — і яны, бедныя, сядзяць у чадзе, а потым у хату прыходзілі. А сусед прыйдзе, дык кажа: ганіце іх, бо вас пазабіваюць. А мы ўсё роўна іх глядзелі. Глядзелі, пакуль прыехалі немцы, а мы сказалі, што яны ўжо сышлі ў партызаны”.

Усе імёны новых узнагароджаных беларускіх Праведнікаў народаў сьвету будуць напісаныя на адмысловай сьцяне ў Ерусалімскім мэмарыяльным інстытуце катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства “Яд Вашэм”. З пачатку 1990-х гадоў больш за 550 грамадзянаў Беларусі сталі кавалерамі гэтай узнагароды.

На здымку -- Праведніца сьвету Ганна Хамінцэвіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG