Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена сымболікі "было адзіным пытаньнем, дзе ўлады не набралі 50%"


Вячаслаў Кулік, Менск 14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоня як дзяржаўных сымбаляў. Гэтай ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі папярэднічаў супраціў групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Актыўныя ўдзельнікі тых падзеяў і сёньня лічаць рэфэрэндум нелігітымным, а адноўленыя камуністычныя сымбалі – часовымі.

19 верасьня 1991 году па прапанове дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Ніла Гілевіча парлямэнт прыняў закон аб дзяржаўным сьцягу Беларусі. У гэтым часе другога абвяшчэньня краіны незалежнай выявы нацыянальных сымбаляў зьявіліся на дакумэнтах, грашовых знаках, паштовых марках Беларусі. У Менску над чырвоным будынкам былога камуністычнага кіраўніцтва лунаў сьцяг свабоды.

(Гілевіч: ) “Я жыву на рагу вуліцаў Карла Маркса і Энгельса, побач з былым домам ЦК. Пры Шушкевічы тут месьціўся Вярхоўны Савет, а цяпер “вялікі правадыр” засядае, “пан -начальнік” дзяржавы. І над гэтым будынкам – бел - чырвона - белы сьцяг! Во радасьці было! Здавалася, што няма ў сьвеце прыгажэйшага сьцяга, як наш. Настолькі нашыя продкі мелі густ і падабралі такія колеры!”.

Калега Гілевіча ў парлямэнце дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Алег Трусаў лічыць вяртаньне нацыянальных сымбаляў у 91-м гістарычнай перамогай дэмакратыі ў маладой краіне.

(Трусаў: ) “Я ўвогуле зьдзіўляюся таму, што здолела зрабіць невялікая група дэпутатаў у тыя часы. Грамадзтва было цалкам непадрыхтаванае ні да нацыянальнай сымболікі, ні да беларускай мовы. І тым ня менш нам удалося дзьвюма трацінамі камуністычнага парлямэнту прыняць сымболіку і іншыя законы”.

Па словах Алега Трусава, дзяржаўная сымболіка была сустрэтая ў штыхі перадусім вэтэранскімі арганізацыямі, якія спасылаліся на выкарыстаньне гэтых сымбаляў акупацыйнай нямецкай уладай у Другую ўсясьветную вайну. Прэзыдэнт Лукашэнка напачатку 1995 года ініцыянаваў рэфэрэндум аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоня як нацыянальных сымбаляў. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянціна Голубева, апазыцыя ў парлямэнце выкарыстоўвала ўсе магчымыя сродкі для супраціву антыканстытуцыйным намерам Лукашэнкі.

(Голубеў: ) “Тады мы пайшлі на самыя радыкальныя меры. Рашэньне аб тым, што аб’явім галадоўку, было прынятае ў мяне на кватэры, у чатыры гадзіны раніцы. Тут былі Зянон Пазьняк, Сяргей Антончык і я. Раніцай мы прыйшлі ў парлямэнт і папрасілі ўсіх іншых прадстаўнікоў апазыцыі не пярэчыць, нават калі хто ня згодны з тым, што мы прапануем. Зянон Пазьняк зрабіў заяву, і адразу 17 чалавек выйшлі да нас. З жалем заўжды ўзгадваю, як нас тады зьбівалі ў будынку Вярхоўнага Савету”.

Валянцін Голубеў добра памятае людзей у шлёмах, са шчытамі і аўтаматамі Калашнікава, якія ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году напалі на дэпутатаў, якія аб”явілі галадоўку ў Авальнай залі.

(Голубеў: ) “Мы змагаліся супраць лукашэнкавага рэфэрэндуму зь яго чатырма пытаньнямі. Гэты чалавек, ягоны рэжым, ягонае атачэньне вельмі добра разумеюць значэньне сымбаляў. Таму яны вярнуліся да камуністычнай сымболікі. Дарэчы, зьвярніце ўвагу на тое, што зараз робіцца. Не было ж ніякіх падставаў пераймяноўваць праспэкт Францыска Скарыны і праспэкт Машэрава. Робіцца ўсё, каб прынізіць нацыянальнае”.

Паводле афіцыйных вынікаў, 14 траўня 1995 года за прапанаваныя прэзыдэнтам Лукашэнка варыянты герба і сьцяга прагаласавала 47 працэнтаў выбаршчыкаў ад агульнага складу. Па ацэнцы Алега Трусава – гэта яскравы паказьнік нелегітымнасьці камуністычнай сымболікі.

(Трусаў: ) “Гэта было адзінае пытаньне, дзе ўлады не набралі 50 працэнтаў. Зараз спэкулююць лічбамі тых, хто прыняў удзел. А я лічу – ад усіх, бо хто не прыйшоў, таксама выказаў сваю волю. Такім чынам, у нас ёсьць поўнае права вярнуць нашу сымболіку ў любы час”.

Перакананьне Алега Трусава падзяляе Анатоль Цітоў – аўтар шматлікіх навуковых дасьледаваньняў беларускай геральдыкі.

(Цітоў: ) “На рэфэрэндумы такія пытаньні увогуле некарэктна выносіць. Ці была ў нас гісторыя, ці не была? – давайце правядзём рэфэрэндум зараз. Пытаньні паўсядзённага жыцьця можна вырашаць на рэфэрэндуме. А пытаньне гістарычнай мінуўшчыны, якой 800 гадоў, ну як абмяркоўваць? Пагоня – гэта нацыянальны сымбаль, а зараз карыстаюцца палітычным сымбалем. Спалучэньне чырвонага і зялёнага – гэта каляровая гама азіяцкіх і мусульманскіх народаў. Кітайцы любяць спалучаць чырвонае і зялёнае. А па правілах геральдыкі, калі ёсьць чырвонае, то мусіць прысутнічаць залатое. Цяжка камэнтаваць тое, што зроблена на эмацыянальным і аматарскім узроўні”.

Зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня прайшла ў Менску 26 красавіка акцыя “Чарнобыльскі шлях”. Падчас пахаваньня 10 траўня выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса сваякі памерлага пажадалі накрыць труну бел-чырвона-белым сьцягам. На тое, што беларусы не забываюць пра свой герб і сьцяг, сьведчыць і апытаньне Радыё Свабода сярод мінакоў на вуліцах Менска.

(Спадар: ) “Пагоня нам засталася ад продкаў. Мы павінны ўшаноўваць яе й сьцяг таксама. Абавязкова”.

(Спадар: ) “Сымболіка, якая зараз існуе – проста неэстэтычная. Бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня – народныя сымбалі. Я лічу, што іхняя замена была палітычнай гульней: дзеля вэтэранаў і людзей, якія засталіся ў “саўку”. Гэта не нашыя сымбалі, нашыя – бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, я – мастак, колеры белы і чырвоны мне падабаюцца больш. Але гэта не самае галоўнае: нашая сымболіка была нашай. А тое, што зрабілі – гэта тое ж самае, як цяпер пераймяноўваюць ізноў станцыі мэтро, вуліцы і нават праспэкт. Я лічу, што гэта робіцца, каб паказаць народу, што пачынаецца новае жыцьцё. Але гэта новае жыцьцё трэба было паказваць палітыкай і добрымі адносінамі зь іншымі краінамі”.

Алег Трусаў лічыць: хаця рэфэрэндум 1995 году праводзіўся незаконна і вынікі яго нелігітымныя, але для будучыні краіны тут ёсьць і станоўчы бок.

(Трусаў: ) “Я вельмі рады, што ўсё ж такі гэтая ўлада ўзяла свае ўласныя сымбалі і ня спляжыла нашыя. Уяўляеце, што было б, каб нас білі на плошчах міліцыянты пад Пагоняй і бел - чырвона - белымі сьцягамі!? А так народ ведае, што гэта зьява часовая, што гэтая сымболіка сыдзе ў нябыт разам з гэтаю ўладаю.Гэта неўзабаве адбудзецца. Засталося чакаць вельмі мала”.
XS
SM
MD
LG