Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі адмовілі ў праве правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2010 года


Валер Каліноўскі, Менск Жаданьне беларускага кіраўніцтва правесьці чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2010 годзе рэалізаванае ня будзе. Сёньня ў Вене Міжнародная фэдэрацыя хакея адхіліла беларускую заяўку, аддаўшы перавагу нямецкай.

Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі хакею Аляксандар Лешчык паведаміў, што Беларусь адрозна ад іншых канкурэнтаў Нямеччыны на правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2010 годзе – Славакіі і Швэцыі – не здымала сваю кандыдатуру да самага галасаваньня. Спадар Лешчык кажа, што ён добра разумеў, што фаварытам у гэтым спаборніцтве з’яўляецца Нямеччына, але хацелася даведацца пра патэнцыял Беларусі. У выніку за беларускую заяўку прагаласавала 18 сябраў МФХ, за нямецкую – 89. На рашэньне міжнароднай фэдэрацыі не паўплывала тое, што Нямеччына ўжо 6 разоў была гаспадаром чэмпіянату сьвету па хакеі, а Беларусь – ні разу. Справа ў тым, што МФХ пры вызначэньні гаспадароў чэмпіянатаў вывучае кожную дробязь, а ў Беларусі яшчэ няма патрэбнай інфраструктуры, і перш за ўсё лёдавага палацу, які адпавядаў бы міжнародным стандартам. Гаворыць генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі хакею Аляксандар Лешчык:

(Лешчык:) “Хаця мы сёньня прадстаўлялі і гарантыі ўраду, і гарантыі горада, аб тым што арэна будзе ў 2007 годзе, да пачатку чэмпіянату сьвету, што не прымусім нікога хвалявацца…Што ж, відаць, ранавата нам яшчэ, будзем працаваць далей, але ў прынцыпе мы паказалі, на што здольныя і маем такое жаданьне рухацца ў гэтым жа накірунку.”

Аляксандар Лешчык лічыць, што Беларусь павінна падаваць заяўку на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2011 году. Былы сябра Беларускай фэдэрацыі хакею Уладзімер Беражкоў мяркуе, што Беларусь няправільна пабудавала тактыку па рэалізацыі сваёй заяўкі ў МФХ: маўляў, трэба было саступіць Нямеччыне чэмпіянат ў 2010 годзе, каб мець іх падтрымку на 2011 год. А беларускае хакейнае кіраўніцтва пайшло ва-банк.

(Беражкоў:) “Абсалютная большасьць была на баку немцаў, і калі б мы саступілі ім, зьнялі на іх карысьць сваю кандыдатуру ў апошні момант, я ўпэўнены, што ў 2011 годзе мы чэмпіянат сьвету атрымалі б. А зараз гэта вялікае-вялікае пытаньне”.

Разам з тым Уладзімер Беражкоў мяркуе, што пры вырашэньні падобных пытаньняў важны і імідж краіны-прэтэндэнта на правядзеньне чэмпіянату сьвету.

Беларускія ўлады да сваёй заяўкі на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі паставіліся сур’ёзна, было заплянаванае будаўніцтва вялікіх лёдавых палацаў у Менску і Жодзіне, прычым першы павінен умяшчаць 13 тысячаў гледачоў. Агульны кошт праектаў – больш за 200 мільёнаў даляраў. Вену, дзе прайшло паседжаньне МФХ, днямі наведваў беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі.
XS
SM
MD
LG