Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярджэпартамэнт ЗША ды іншыя ўстановы абвяргаюць заявы Патрушава


Юры Дракахруст, Прага У сваім выступе ў Дзярждуме Расеі 12 траўня дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў заявіў, што на правядзеньне “аранжавай” рэвалюцыі ў Беларусі выдзелена сёлета 5 мільёнаў даляраў. Ён удакладніў, што фінансаваньне ажыцьцяўляе амэрыканская грамадзкая арганізацыя Міжнародны Рэспубліканскі інстытут (IRI).

Паводле Патрушава, гэтыя грошы пойдуць на “прыцягненьне украінскіх “аранжавых” функцыянераў для навучаньня беларускай апазіцыі і на стварэньне апазіцыйных структураў сярод моладзі”. 13 траўня заявы старшыні ФСБ Расеі Мікалая Патрушава пракамэнтаваў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар

(Баўчар: )"Мы чулі шмат абвінавачаньняў учора з боку кіраўніка ФСБ Патрушава, і я павінен сказаць, што яны абсалютна фальшывыя, бальшыня зь іх абсурдныя. Абвінавачваньні на адрас няўрадавых арганізацыяў – абсалютна хлусьлівыя...

...Нашая дапамога Беларусі – як і другім краінам – робіцца дзеля таго, каб грамадзтва удзельнічала ў выбарчым працэсе, дзеля збалянсаванага асьвятленьня яго мэдыямі, бесстароннага навучаньня палітычных партыяў, маніторынгу і правядзеньня выбараў. Гэтыя праграмы бесстаронныя, празрыстыя, яны мірныя ў сутнасьці і мы будзем праводзіць іх у Беларусі для таго, каб падтрымаць намаганьні для пабудовы грамадзянскай супольнасьці і дэмакратыі”.

Міжнародны Рэспубліканскі інстытут – прыватная амэрыканская арганізацыя, створаная ў 1983 годзе, якая займаецца распаўсюджваньнем дэмакратычных каштоўнасьцяў у сьвеце.

Мы папрасілі пракамэнтаваць абвінавачваньні на адрас інстытуту кіраўніка яго эўразійскіх праграмаў Сьцівэна Нікса.

(Нікс: ) “У дадзенай сытуацыі дастаткова сказаць, што спадар Патрушаў упершыню загаварыў пра 5 мільёнаў даляраў яшчэ ў красавіку, калі ніхто ня ведаў, якія сумы будуць выдаткаваныя нам Кангрэсам. Апроч усяго іншага ў нас і зараз няма 5 мільёнаў даляраў. Я проста не ўяўляю, што ён меў на ўвазе, якое дачыненьне гэтыя мільёны маюць да Міжнароднага Рэспубліканскага інстытуту”.

У інтэрвію нашаму радыё прадстаўнік Міжнароднага Рэспубліканскага інстытуту Сьцівен Нікс ўдакладніў, што інстытут выдзяляе на беларускія праекты каля 500 тысячаў даляраў на год.

(Нікс: ) “Міжнародны Рэспубліканскі інстытут праводзіць мерапрыемствы па падтрымцы дэмакратычных арганізацыяў у больш чым 60 краінах. І нашая дапамога беларускім дэмакратычным арганізацыям нічым не адрозьніваецца ад праграмаў ва ўсім сьвеце. Мы аказваем тэхнічную дапамогу партыям і няўрадавым арганізацыям, знаёмім іх з асновамі функцыянаваньня дэмакратычнай сістэмы. У выпадку Беларусі мы дапамагаем парадамі, як правільна стварыць партыйную структуру, як усталяваць сувязь з грамадзкасьцю, іншымі словамі вучым асновам функцыянаваньня партыяў”.

З абвяржэньнем абвінавачваньняў дырэктара расейскага ФСБ Патрушава выступіла і амэрыканскае пасольства ў Маскве. У прыватнасьці, дыпляматычнае прадстаўніцтва ЗША катэгарычна абвяргае сьцьверджаньні Патрушава, нібыта амэрыканскія недзяржаўныя арганізацыі займаюцца разьведнай і падрыўной дзейнасьць у Расеі пад выглядам дабрачыннасьці. У заяве адзначаецца, што амэрыканская дабрачынная арганізацыя Корпус міру, прыгаданая ў выступе Патрушава, дзейнічае ў 138 краінах сьвету, з 1992-2003 годзе 700 валанцёраў Корпусу дзейнічалі ў Расеі, навучаючы людзей ангельскай мове і бізнэсу. Калі дзейнасьць гэтай арганізацыі была ў Расеі спыненая, расейскі ўрад падзякаваў Корпусу за працу і расцаніў яго дзейнасьць як станоўчую і карысную.

У заяве амэрыканскага пасольства ў Расеі адзначаецца, што дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў дапамагае палепшыць жыцьцё простых расейцаў, якія атрымліваюць магчымасьць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцьці, падвышаць сваю адукацыю, забясьпечыць лепшую будучыню сваіх дзяцей. Пасольства ЗША ў Маскве адзначае, што 60-годьдзе Перамогі нагадвае, што міжнароднае супрацоўніцтва з’яўляецца не пагрозай агульнай бясьпецы, а чыньнікам міру, дабрабыту і свабоды ў сьвеце. І няўрадавыя арганізацыі адыгрываюць істотную ролю ў дасягненьні гэтых мэтаў - гаворыцца ў заяве амэрыканскага пасольства ў Расеі.


На здымку: прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар
XS
SM
MD
LG