Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 траўня Стэфаніі Станюце споўнілася б 100 гадоў


Галіна Абакунчык, Менск У гэты дзень прадстаўнікі тэатральнай і творчай грамадзкасьці ўсклалі кветкі на магілу славутай беларускай акторцы на Маскоўскіх могілках Менску. У мастацкім музэі адкрылася выстава, прысьвечаная Стэфаніі Станюце, а ў Купалаўскім тэатры рыхтуецца вечарына памяці.

У Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы Стэфанія Станюта працавала ўсё сваё жыцьцё, пачынаючы з 1931 году. На сцэну яна выходзіла нават у 95 гадоў. Бальшыня цяперашняй трупы — тыя купалаўцы, якія працавалі зь вялікай акторкай не адзін год і добра ведалі Стэфанію Станюту. Вось запіс Зінаіды Браварскай, якая пайшла э жыцьця летась:

(Браварская: ) “Я яе звала проста Стэфанія, яна мне гэта дазваляла. Сьветлы чалавек, якіх мала. Чалавек, да якога цягнуліся людзі, як расьліны цягнуцца да сонца. Зь ёй было добра, яна была дабразычлівая, нікому не зайздросьціла. Яна ніколі не імкнулася да славы, але слава да яе прыйшла сама. Бог аддзячыў ёй за яе сьціпласьць, за яе сумленнасьць, за яе дабрыню”.

З гэткай жа цеплынёй згадваюць Стэфанію Станюту і зусім маладыя купалаўцы, адным зь якіх ёсьць Аляксандар Маўчанаў:

(Маўчанаў: ) “Яна заўсёды дапытлівая была: калі мы, маладыя акторы, да яе прыйшлі, то яна распытвалася: а якія навіны, чым жыве моладзь? Ёй было ўжо вельмі цяжка з намі гутарыць тады, але яна гэтага нават і не паказала”.

І маладыя і сталыя акторы, згадваючы сцэнічны талент Стэфаніі Станюты, найперш кажуць пра яе чалавечнасьць і дабрыню. Гаворыць актор Віктар Манаеў:

(Манаеў: ) “Мне вельмі пашчасьціла, бо хоць у нас і розьніца ва ўзросьце ўсяго нейкіх там 60 гадоў, але мы нават каханьне зь ёю згулялі ў спэктаклі “Гаральд і Мод”. І ня столькі гэта майстэрства, валоданьне нейкімі тэхнічнымі акторскімі сродкамі, а вось душа яе непаўторная, яе адносіны да жыцьця, да партнэраў — вось што нам варта было б узяць за прыклад. Тое, чаго нам цяпер не хапае, — чалавечнасьці. Усё ж такі эпохі адлічваюць не календары, а людзі, і калі адыходзяць такія людзі, як Станюта, то мяняюцца і эпохі”.

Падчас ускладаньня кветак на магілу Стэфаніі Станюты старшыня Беларускага саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў у інтэрвію “Свабодзе” сказаў:

(Дудараў: ) “Стэфанія Станюта — гэта асоба, якая зьвязвае мінулае і будучыню. Сто гадоў сёньня — гэта нешта асаблівае і значнае зь мінулага, але тое, што яна зрабіла, які сьлед пакінула, гэта ўжо будучыня. Ва ўсялякім разе, у кожнага, усіх, хто згадвае сьветлы вобраз Стэфаніі Станюты, у кожнага цяплее на душы. І нават сёньня, нягледзячы на гэтую халаднаватую вясну, каля яе помніка пачуваемся цёпла і ўтульна”.

24 траўня ў Купалаўскім тэатры адбудзецца вечарына, прысьвечаная 100-годзьдзю Стэфаніі Станюты. Імпрэза памяці пройдзе пад назваю “Станюта з намі”.

На здымку — ускладаньне кветак на магілу Стэфаніі Станюты.
XS
SM
MD
LG