Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла народная артыстка СССР і Беларусі Аляксандра Клімава


Міхал Стэльмак, Менск Больш як сорак гадоў яна працавала ў Нацыянальным расейскім тэатры Беларусі імя Горкага. За гэты час акторка сыграла больш як восемдзесят галоўных роляў клясычнага і сучаснага рэпэртуару ў тэатры, а таксама дзясяткі роляў у кіно. Сярод мноства дзяржаўных і тэатральных узнагародаў — мэдаль Францішка Скарыны. Калегі і крытыкі называлі яе вялікай драматычнай акторкай.

Аляксандра Клімава памерла на 84-м годзе жыцьця ад хваробы сэрца. Першая рэакцыя ў людзей тэатру — зь ейным адыходам завяршаецца цэлая эпоха ў сцэнічным мастацтве Беларусі, эпоха рэалістычнага акторскага тэатру. Гаворыць Барыс Луцэнка — галоўны рэжысэр Тэатру імя Горкага, на сцэне якога прайшло яе жыцьцё ў мастацтве.

(Луцэнка: ) “Гэта была вялікая акторка Беларусі, якая стварыла шэраг унікальных роляў. Відаць, яе памятаюць усе гледачы па ролях Нілы Сьніжко ў “Барабаншчыцы”, Ларысы Агудалавай у “Беспасажніцы”, Камісара ў “Аптымістычнай трагедыі”, прынцэсы Касманаполіс у “Салодкагалосай птушцы юнацтва”. Яна стварала на сцэне вобразы моцных людзей. Прыкладам, Марыя Стуарт Аляксандры Клімавай — хай і знаходзілася ў няволі, але не пагаджалася з гэтым і крычала ледзь не на ўвесь сьвет пра сваю свабоду. Я яе назваў жаўруком, якому, можа, і ня ўсё ўдалося прасьпяваць, але яе песьні застануцца ў душах тых людзей, хто яе бачыў”.

Аляксандра Клімава нарадзілася ў Казахстане, тэатральную адукацыю атрымала ў знакамітай Маскоўскай тэатральнай вучэльні імя Шчэпкіна. Ейны сын — актор Андрэй Душачкін, які працаваў побач, на гэтай жа сцэне Расейскага тэатру Беларусі, кажа:

(Душачкін: ) “Ужо больш як пяцьдзясят гадоў у Беларусі, і больш як сорак гадоў аддадзены Беларусі і Расейскаму тэатру імя Горкага. Яна любіла Беларусь. Я лічу, былі дзьве вялікія акторкі, і яны сябравалі: гэта Станюта і Клімава”.
XS
SM
MD
LG