Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйную моладзь выключаюць з навучальных установаў


Любоў Лунёва, Менск Некалькіх удзельнікаў моладзевых апазыцыйных рухаў, якіх затрымлівалі ў часе апазыцыйных акцыяў, адміністрацыі навучальных установаў адлічылі з вучобы з палітычных меркаваньняў. Калі раней гэта тычылася студэнтаў ВНУ, то цяпер хваля перасьледу ахапіла і сярэднія навучальныя ўстановы.

Адміністрацыя жодзінскай сярэдняй школы, дзе вучыцца маладафронтавец Алесь Смольскі, прапанавала яго бацькам перавесьці сына ў іншую школу. Алеся Смольскага затрымалі ў Менску ў часе разгону акцыі 26 красавіка. У школу даслалі адпаведнае паведамленьне зь міліцыі. Раней Алеся выключылі з сувораўскай вучэльні за сяброўства ў “Маладым фронце” і збор подпісаў за перайменаваньне навучальнай установы.

Ад перасьледу пацярпелі многія сябры жодзінскай філіі “Маладога фронту”. З пэдагагічнага каледжу выключылі Паўла Красоўскага, Сяржука Савіча — з акадэміі ўнутраных справаў, Зьмітра Чарткова адлічылі з рэжысэрскага аддзяленьня мастацкай акадэміі. Днямі з політэхнічнага каледжу выключылі Сяржука Мурашку, якога затрымалі на “Чарнобыльскім шэсьці”.

Маладафронтаўцы распавялі, што адміністрацыі жодзінскіх школаў правялі апытаньне навучэнцаў. Іх прасілі адказаць: “Што такое патрыятызм і нацыяналізм?”, а таксама: “Ці будзеце вы ўдзельнічаць у несанкцыянаванай апазыцыйнай акцыі?”. Такім чынам улады высьвятлялі, наколькі эфэктыўна адміністрацыя школаў праводзіць ідэалягічную працу.

У Горадні адміністрацыя дзяржаўнага ўнівэрсытэту адлічыла спачатку двух маладафронтаўцаў — Алеся Курсевіча і Яўгена Скрабутана, а потым яшчэ аднаго, Алеся Зарэмбюка. Усе яны вучыліся на філялягічным факультэце. Алеся Курсевіча і Яўгена Скрабутана затрымалі і судзілі за надпіс: “Спынім русіфікацыю!”. Яўген — непаўнагадовы, і яму ўдалося аднавіцца на вучобе. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(Скрабутан: ) “Нас з Алесем выключылі з вучобы за графіці. Мне не было 18 гадоў, таму давялося падаваць скаргу ў пракуратуру. А мой сябар вымушаны быў зьехаць на вучобу ў Польшчу. Ён і цяпер там вучыцца”.

Алесь Зарэмбюк быў выдатнікам. Праблемы пачаліся пасьля таго, як ён пачаў рэгістравацца на выбарах кандыдатам у дэпутаты Мастоўскага савету.

(Зарэмбюк: ) “Адміністрацыя навучальных установаў, рэктарат — гэтыя людзі працуюць сапраўды паводле загадаў зьверху. Першую сэсію я быў выдатнікам. Зьяўляюся сябрам “Маладога фронту”. Рэгістраваўся кандыдатам як студэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Канкурэнтам гэта было недаспадобы. Прыйшоў ва ўнівэрсытэт, а мне кажуць, што выключаюць. Афіцыйная папера была, дзе напісана: “За несвоечасовы выхад з акадэмічнага адпачынку”. Выключылі мяне абсалютна незаконна. Апроч таго, з парушэньнем закону аб статусе дэпутата мясцовага савету. Буду падаваць заяву ў суд на незаконнае выключэньне мяне зь ліку студэнтаў гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту”.

Актывіст “Маладога фронту” Кірыл Шымановіч — навучэнец юрыдычнага каледжу пры БДУ, адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. У выніку адміністрацыя каледжу спрабуе выключыць яго за пропускі заняткаў без паважнай прычыны.

Сябры моладзевага руху “Зубр” Мікіта Шуцянкоў і Ільля Палонскі вучацца ў політэхнічнай гімназіі. Іх затрымалі за распаўсюд газэты “Выбар”. Адміністрацыя папярэдзіла іх бацькоў, што вучыцца ў гімназіі хлопцы больш ня будуць. Ім дазволілі давучыцца апошнюю чвэрць. З наступнага году яны мусяць уладкавацца ў іншую школу. Раней з пэдагагічнага каледжу за апазыцыйную дзейнасьць выключылі Максіма Громава, Кацярыну Клімко, з пэдунівэрсытэту Ірыну Тоўсьцік, з радыётэхнічнага ўнівэрсытэту Рамана Казакевіча. Цягам шасьці месяцаў з вучобы адлічылі 17 сяброў моладзевага руху “Зубр”.

Лідэры моладзевых арганізацыяў лічаць, што ціск на апазыцыйную моладзь з боку адміністрацыяў навучальных установаў яшчэ больш узмоцніцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG