Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: як бы людзі сёньня прагаласавалі на рэфэрэндуме пра дзяржаўныя сымболіку і мову?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 14 траўня спаўняецца 10 гадоў рэфэрэндуму ў Беларусі, дзе вырашаўся лёс дзяржаўных сымболікі і мовы. Ён быў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам, і ў выніку расейская мова атрымала ў Беларусі статус дзяржаўнай, а замест гістарычнай сымболікі былі ўведзеныя падобныя да герба і сьцяга БССР. Як бы сёньня людзі адказалі на пытаньні рэфэрэндуму 10-гадовай даўніны, за якую дзяржаўную мову і сымболіку прагаласавалі б?

(Спадар: ) “Я памятаю той рэфэрэндум. Тады я прагаласаваў, каб сымболіка засталася тая, якая была на той момант. Я мяркую, калі б цяпер гэты рэфэрэндум праводзіўся, я б прагаласаваў так жа сама. Павінна ж у беларусаў быць нешта сваё нацыянальнае, гістарычна-нацыянальнае”.

(Спадар: ) “Я за “чырвона-зялёную”. Таму што я зь ёй нарадзіўся і вырас. Гэта частка маёй гісторыі”.

(Спадар: ) “Я галасаваў за нацыянальную сымболіку — гэта бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня, за беларускую мову, і цяпер прагаласаваў бы так жа. Таму што калі зьнішчаюць нацыянальныя сымбалі, то, значыць, зьнішчаюць нацыянальную культуру, і людзі забываюцца, хто яны ёсьць на самой справе”.

(Спадар: ) “Я прагаласаваў так, як патрабавалі: урад, дзяржава. І цяпер прагаласую”.

(Спадарыня: ) “Каб у Беларусі было дзьве мовы — гэта я згодная. Беларуская само сабой, бо гэта родная мова, але і расейскай я не выключаю, бо большасьць гаворыць на расейскай мове”.

(Спадарыня: ) “Як без расейскай мовы? Тут такая колькасьць расейцаў жыве. А беларуская мова — гэта наша нацыянальнае, так, як і лён беларускі. Увогуле, экзотыка з аднаго боку, а зь іншага — карані”.

(Спадарыня: ) “Мне, напэўна, усё роўна, якая мова, шчыра кажучы, расейская альбо беларуская. Ай, ня ведаю”.

(Спадар: ) “Я ўвогуле ўвесь час быў за беларускую мову. На цяперашні момант, калі б быў рэфэрэндум, я б таксама за беларускую прагаласаваў бы”.

(Спадар: ) “А я якраз не галасаваў увогуле. Таму што мне не падабаецца гэтая ўлада. Мая ўлада — тая, а ня гэтая”.

(Спадар: ) “Бел-чырвона-белы сьцяг? Тады — так. А ў цяперашні момант — што мяняць? Як ёсьць, так і ёсьць, няхай будзе”.

(Спадарыня: ) “Тое ж самае. А чаму трэба бясконца ўсё гэта мяняць, калі ўжо людзі прызвычаіліся? Навошта гэта трэба? Толькі лішнія грошы траціць”.

(Спадарыня: ) “Я прыму, напэўна, тую сымболіку, якая будзе прапанаваная і ўхваленая большасьцю людзей. Мне падаецца, што гэта ня самае галоўнае — якога колеру сьцяг, а самае галоўнае тое, што ўнутры нас”.

(Спадар: ) “Нічога не памянялася. Галасаваў супраць сымболікі той, якая цяпер ёсьць. Таму што я лічу, што гістарычная сымболіка важнейшая, чым тая, якая выдуманая “з пальца”. Мова — тое самае. Мы знаходзімся ў Эўропе, і кожная эўрапейская краіна павінна мець сваю мову”.

Гэтак людзі на магілёўскіх вуліцах адказвалі, як бы яны сёньня прагаласавалі на рэфэрэндуме 10-гадовай даўніны пра дзяржаўныя сымболіку і мову.
XS
SM
MD
LG