Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт павысіў стаўкі мытных збораў на легкавікі


Ігар Карней, Менск Дзяржаўны мытны камітэт паставіў за мэту выраўнаць мытныя зборы за легкавыя аўтамабілі для фізычных і юрыдычных асобаў, пры гэтым падвысіць кошты для прыватнікаў. Як паведамілі ў камітэце, новыя правілы мытнага афармленьня аўтамабіляў, якія завозяцца ў Беларусь з-за мяжы, могуць набыць сілу ўжо на пачатку чэрвеня. Прыватнікі, якія паставілі перагон іншамарак на камэрцыйныя рэйкі, прагназуюць: такім чынам дзяржава намагаецца зьнішчыць дробны аўтабізнэс, перадаўшы манапольныя правы на продаж аўтамабіляў буйным аўтацэнтрам.

Цяпер прапановы мытнага камітэту знаходзяцца на ўзгадненьні ў Савеце міністраў, пасьля чаго дакумэнт павінен ухваліць Аляксандар Лукашэнка. У мытным камітэце новыя захады тлумачаць імкненьнем сфармаваць цывілізаваны аўтамабільны рынак і адмовіцца ад паслугаў фізычных асобаў, якія займаюцца перапродажам патрыманых іншамарак. Паводле неафіцыйных зьвестак, цяпер да 80% патрыманых машынаў у Беларусь пастаўляюць менавіта прыватнікі. Дарэчы, прафэсію перагоншчыка апошнім часам асвоілі і многія жанчыны. Адна зь іх — Надзея Смаляк, якая практычна штомесяц прыганяе машыны з Польшчы.

(Смаляк: ) “Цяпер досыць дорага будзе прывезьці машыну, па кішэні ўдарыць. У першую чаргу, гэта адаб’ецца на новых машынах, да трох гадоў. І калі юрыдычныя асобы будуць плаціць мыты па коштах фізычных, то для нас зборы таксама зьменяцца: тое, што было 0,35 эўра за “кубік”, будзе 0,4-0,45 эўра. На машыны ад 10 да 14 гадоў, за якія плацілі 0,6 эўра, будуць падвышкі да 1 эўра. Такія машыны везьці будзе дорага... Я копію рашэньня мытнага камітэту бачыла асабіста, мне яе яшчэ ў Польшчы паказвалі”.

Заплянаваны памер увозных мытных збораў на патрыманыя легкавікі для фізычных асобаў падвысіцца ў сярэднім на 5-15 эўрацэнтаў. Адначасна з гэтым плянуецца істотна зьнізіць мыты для юрыдычных асобаў: цяпер у некаторых выпадках выдаткі фірмаў дасягаюць 20-25 эўра за кожны кубічны сантымэтар рабочага аб’ёму рухавіка. Пры гэтым эканаміст Леанід Заіка перакананы, што пэрыядычныя падвышэньні мытных збораў — зьява штучная, і для Беларусі ўвогуле непрымальныя.

(Заіка: ) “Прычым, у краіне, якая сама не вырабляе легкавых аўтамабіляў. Расейцы гэта робяць, абараняючы сваіх вытворцаў, перадусім, “АўтаВАЗ”. А для беларусаў трымацца той жа стратэгіі ў адносінах тарыфнай палітыкі на патрыманая іншамаркі сэнсу няма — мы не вытворцы аўтамабіляў. Таму ўся гэтая “сьвістапляска” з тарыфамі адразу ж закончыцца, як толькі ў Беларусі да ўлады прыйдзе нармалёвы, эканамічна разумны ўрад. Што, прыкладам, адбылося ў Літве, дзе такой праблемы ўвогуле ніхто не абмяркоўвае — тарыфную палітыку на патрыманыя аўтамабілі”.

У Беларусі было некалькі спробаў наладзіць выпуск уласных легкавых аўтамабіляў. У пачатку 1990-х пра гэта абвясьціў прадпрымальнік Андрэй Клімаў. Некалькі гадоў таму заўчасна была згорнутая вытворчасьць аўтамабіляў “Форд”. Апошняя прапанова сумеснай аўтавытворчасьці падаецца зусім экзотыкай: на ўзроўні ўраду разглядалася будаўніцтва ў Беларусі зборачнага цэху іранскіх аўтамабіляў “Пайкан” і “Саманд”.
XS
SM
MD
LG