Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты cпадзяюцца, што ім удасца правесьці аб’яднаўчы зьезд з дапамогай Сацінтэрну


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта 13 траўня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведаміў першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк.

Уладзімер Нісьцюк нагадаў пра тры няўдалыя спробы — 19 сакавіка, 10 красавіка ды 9 траўня — правесьці аб’яднаўчы зьезд дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў:

(Нісьцюк: ) “Вось ужо тры спробы адбыліся. І ўсе тры разы ўсе тыя структуры, арганізацыі, зь якімі існавалі дамовы, якія атрымалі авансы за арэнду памяшканьняў ды іншыя паслугі, усё гэта ў апошні момант перакрывалася пад уплывам спэцслужбаў. Учора мы правялі пашыраную нараду і вырашылі накіраваць лісты Генэральнаму сакратару Сацінтэрну і кіраўнікам шэрагу братэрскіх партыяў, каб паспрабаваць атрымаць з таго боку эфэктыўную падтрымку, атрымаць адтуль сыгналы салідарнасьці. Мы папрасілі Генэральнага сакратара Сацінтэрну, каб ён накіраваў асабісты ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем растлумачыць, што ўсё ж адбываецца на беларускім палітычным полі”.

Я спытаў спадара Нісьцюка, ці магчыма правядзеньне аб’яднаўчага зьезду за межамі Беларусі. Як высьветлілася, такая магчымасьць вывучалася:

(Нісьцюк: ) “Ёсьць шэраг партыяў, якія цяпер пры ўладзе ў краінах Эўропы — у Нямеччыне, Літве, Гішпаніі, Вялікабрытаніі ды іншых краінах. Але нам Міністэрства юстыцыі Беларусі дало тлумачэньне: адпаведна з Законам аб палітычных партыях і адпаведна са статутам, палітычныя партыі дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і будуюцца згодна з тэрытарыяльным прынцыпам. Таму за межамі краіны праводзіць зьезду нельга”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі было паведамлена, што ўсе дакумэнты, неабходныя для прызнаньня першай сэсіі аб’яднаўчага зьезду легітымнай, перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, якое цяпер праводзіць праверку.

Тым часам лідэр новай партыі Аляксандар Казулін, як было паведамлена на прэсавай канфэрэнцыі, “праводзіць шэраг замежных сустрэчаў”.
XS
SM
MD
LG