Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ветэраны і сваякі Машэрава пра перайменаваньні


Міхал Стэльмак, Менск 7 траўня Аляксандр Лукашэнка сваім указам перайменаваў шэраг менскіх вуліц, у тым ліку праспэкт Машэрава на праспэкт Пераможцаў, спаслаўшыся на ініцыятыву вэтэранаў і жыхароў сталіцы. На чым грунтавалася гэтая ініцыятыва? Якая рэакцыя на яе прадстаўнікоў роду Машэравых і тых, хто ведаў яго?

Як вынікае з паведамленьня прэсавай службы прэзыдэнта, перайменаваньне праспэкту Машэрава адбылося ў сувязі са “шматлікімі просьбамі” вэтэранаў. Пошук ініцыятараў перайменаваньня зь ліку вэтэранаў аказаўся досыць складанай справай. Напрыклад, ёсьць у Менску Беларускае таварыства памяці воінаў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Ці мела яно дачыненьне да перайменаваньня праспэкту Машэрава? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніка арганізацыі Уладзіміра Маркоўскага:

(Маркоўскі: ) “Нічога мы ня думалі. Мы пра гэта ня ведалі. Нас не інфармавалі: будуць яго пераймяноўваць ці не? Мы прымаем гэта за факт. Усё гэта прайшло паўз нас. Калі б нехта нас спытаў, мы б тады абмяркоўвалі, думалі: трэба гэта ці не, так гэта ці не? Хто быў ініцыятарам, мы нават ня ведаем”.

У Беларускім грамадзкім аб’яднаньні вэтэранаў патлумачылі, што рэспубліканская рада гэтай арганізацыі таксама ня мае дачыненьня да ініцыятывы. А вось адзін з кіраўнікоў гарадзкой арганізацыі гэтага аб’яднаньня Міхаіл Чумакоў паведаміў наступнае:

(Чумакоў: ) “Так, было такое рашэньне. Па просьбе, вядома, “таварышаў”, у тым ліку і гарвыканкаму, мы падтрымалі. Склікалі прэзыдыюм. Былі, вядома, і пярэчаньні. Ты ня менш, большасьцю галасоў пагадзіліся. Карацей кажучы, па просьбе “працоўных” мы перайменавалі”.

Ніводзін са сваякоў Пятра Машэрава не ведаў, што праспэкт яго імя будзе перайменаваны. У Горадні, напрыклад, жыве сястра славутага беларуса Вольга Пранько. Ёй цяпер 81 год. Спадарыня Вольга вядомая тым, што некалькі гадоў таму выдала кнігу “Сям’я Машэравых”.

(Пранько: ) “Дык што ж ужо тут зробіш? Перайменавалі. Якое стаўленьне? Вядома, шкадую. Па-першае, ён па гэтым праспэкце езьдзіў заўжды на працу. І нават было такое, што людзі, пра гэта было напісана, а 8-й раніцы заўжды бачылі яго машыну. І звыкліся з гэтым. Мы, вядома, ня мелі ніякага дачыненьня да таго, што менавіта гэтая вуліца была затым, пасьля яго сьмерці, названая праспэктам Машэрава. Але, канешне, былі задаволеныя”.

Людзей, якія блізка былі знаёмыя зь Машэравым, ужо ня шмат. На Расоншчыне, дзе нарадзіўся Петр Машэраў, ёсьць вёска Роўнае Поле, дзе ў часе Вялікай Айчыннай вайны была база машэраўскіх партызанаў. Там яшчэ жывуць вяскоўцы, якія выдатна памятаюць яго. 78-гадовая Таіся Пляшкова ў вайну працавала ў партызанскай сталоўцы. Яна толькі ад мяне пачула, што Аляксандр Лукашэнка перайменаваў праспэкт, і шчыра гэтаму зьдзівілася:

(Пляшкова: ) “Ня чула. Ай-яй... Хто гэта мог на яго нешта сказаць, на такога анёла? Калі б усе былі такімі, дык жыцьцё было б іншым. Але ж Бог ня даў яму пажыць. Ён у нас тут жыў у вёсцы Роўнае Поле. І як ён загінуў, то ўсё тут памерла. Ён жа ніколі ня еў асобна ад партызан. Заўжды еў разам з шараговымі партызанамі. Я яго ведала яшчэ да партызаншчыны. Гэта ж невыносна. Гэта зьнявага ўдзельнікам, хто яго ведаў”.
XS
SM
MD
LG