Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюб з замежнікам па-ранейшаму вабіць беларусак


Галіна Жарко, Менск 15 траўня адзначаецца дзень сям’і. Паводле Нацыянальнай справаздачы “Беларусь: 10 гадоў пасьля Міжнароднай Каірскай канфэрэнцыі па народанасельніцтве й разьвіцьці” бабылёў і векавух у Беларусі толькі 3%. Хто раней, хто пазьней, але беларусы ў асноўным знаходзяць сабе пару.

У 2002 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 67 тысяч шлюбаў і 37 тысячы разводаў. Статыстыкі падлічылі, што ў першыя пяць гадоў распадаецца амаль 28% шлюбаў, прыкладна столькі ж і ў наступныя пяць. У выніку – штогод больш за 30 тысяч дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў застаюцца без аднаго з бацькоў. А шлюбны кірмаш, гэтак называюць яго сацыёлягі, ізноў папаўняецца жаніхамі й нявестамі.

Меркаваньні пра тое, што бізнэс знаёмстваў працуе на поўную сілу пацьвердзіліся, калі я патэлефанавала ў адну са шлюбных агенцыяў.

(Карэспандэнтка: ) “Добры дзень. Я па абвестцы...”

(Супрацоўніца шлюбнай агенцыі: ) "Хочаце пазнаёміцца?

(Карэспандэнтка: ) “Так”.

(Супрацоўніца шлюбнай агенцыі: ) “У нас клюб знаёмстваў для сур’ёзных адносінаў. Пад’яжджай це. Вазьміце фота. Будзем вас знаёміць. У нас больш за 6 тысяч людзей знаёміцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі гэта каштуе?”

(Супрацоўніца шлюбнай агенцыі: ) “Паслуга каштуе 40 тысяч. Плаціце 1 раз. На год і болей. Да поўнага знаёмства. Прыходзьце да нас і будзеце выбіраць свайго адзінага чалавека, зь якім будзеце шчасьлівыя ўсё жыцьцё”.

Службы знаёмстваў толькі з сярэдзіны 80-х занялі сваю нішу ў сфэры тавараў і паслугаў. У Савецкім Саюзе нават шлюбныя абвесткі былі забароненыя. Але ў 1976, калі “Литературная газета” надрукавала першую шлюбную абвестку, на рэдакцыю абрынуўся шквал лістоў. А за мяжою яны маюць даўнюю гісторыю. Першая шлюбная абвестка зьявілася ў Англіі ў канцы 17 стагодзьдзі. А праз 100 гадоў стала звычайнаю зьяваю на старонках заходнеэўрапэйскай прэсы. Абвесткі давалі выключна мужчыны. Ад жанчын прапановы паступалі праз бацькоў альбо радню. Тых, хто даваў абвестку, цікавіла ў першую чаргу эканамічнае становішча будучага сужэнца, дадаваліся даведкі пра кошт маёмасьці, наяўнасьць нерухомасьці. Патрабаваньні да асаблівасьцяў характару сталі зьяўляцца значна пазьней.

Шлюб з замежнікам па-ранейшаму вабіць беларусак. Так, хітовая прапанова шлюбных агенцыяў -- “замуж за мяжу”, бо сынонімам посьпеху для прыгожых дзяўчат стаў шлюб з замежнікам. Дзеля таго, каб беларусак не прадавалі ў рабства, паводле Дэкрэту №17 прэзыдэнта ад 14 ліпеня 2003 году, дзейнасьць, зьвязаная са зборам і распаўсюджаньнем інфармацыі аб фізычных асобах з мэтаю іх знаёмстваў (менавіта так кваліфікуецца дзейнасьць шлюбных агенцыяў) падлягае цяпер абавязковаму ліцэнзаваньню. Апроч таго, рэгістраваць шлюб з беларускаю жанчынаю да 35 гадоў замежнік можа толькі ў Беларусі. Тым часам беларускі дужа спадзяюцца менавіта на замежных жаніхоў.

(Юля:) “Што тычыцца заходніх мужчынаў, дык іх жанчыны за апошнія дзесяцігодзьдзі пад узьдзеяньнем фэмінізму выхавалі гэткім чынам, што мужчыны вельмі цэняць, што побач жанчына, якая гатовая нарадзіць дзяцей, гатовая займацца побытам. Яны ўспрымаюць гэта не як абавязак, а як паслугу”.

Замежнікі, якія прыяжджаюць шукаць нявест, відавочна цэняць ня толькі прыгажосьць беларусак, але й здольнасьць да паслугаў. Зрэшты, выбраць сабе нявесту каштуе ім зусім танна. 100 тысяч і можна выбіраць, як сказалі ў агенцыі "да поўнага знаёмства". У каталёгу 5 тысяч дзяўчат.

Статыстыкі цьвердзяць, што ствараць сем’і цяпер пачалі ў трохі больш сталым узросьце. Дзяўчаты выходзяць замуж у сярэднім у 22,5 гады, юнакі жэняцца ў сярэднім у 24,5 гады. Апроч таго, у апошні час павялічылася колькасьць гэтак званых грамадзянскіх шлюбаў, якія не рэгіструюцца ў органах ЗАГС. Каля 5% з агульнага ліку сужэнскіх пар не зарэгістраваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG