Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Задзіночаньня беларускіх студэнтаў падтрымліваюць навучэнцаў, што жывуць у кепскіх умовах у інтэрнатах


Юлія Шарова, Менск 12 траўня навучэнцаў Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу, якія жывуць у інтэрнаце па вуліцы Дарашэвіча, 3, частавалі гарачай гарбатай. Такую акцыю зладзілі сябры незарэгістраванага моладзевага аб’яднаньня Задзіночаньне беларускіх студэнтаў.

Гэткім чынам яны хочуць падтрымаць навучэнцаў каледжа, якія жывуць у непрыстасаваных умовах, у тым ліку не заўсёды маюць магчымасьці прыгатаваць сабе вячэру.

Сябры Задзіночаньня беларускіх студэнтаў прыйшлі да інтэрната тэхналягічнага каледжа блізу пятай гадзіны ўвечары, прынесьлі з сабой імбрык з кімпнем ды плястыкавыя шклянкі. Прапаноўвалі навучэнцам, якія жывуць у інтэрнаце, гарачую гарбату. Навучэнцы дзякавалі, бралі шклянкі з гарбатай ды беглі ў інтэрнат: там акурат выдалася гадзіна, калі на кухні працавалі пліты. Электрычнымі імбрыкамі ды іншымі электрапрыборамі ў пакоях карыстацца забаронена.

Кажа актывіст ЗБС Сяржук Семянюк.

(Семянюк: ) “Інтэрнат МДТК (Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу), напэўна, адзін з самых праблемных у горадзе. Мы ўжо неаднойчы зьвярталіся да кіраўніцтва й зьбіралі подпісы, каб палепшыць умовы пражываньня. Гэтыя подпісы адносілі ў міністэрства адукацыі, адкуль прыйшоў адказ. Нічога не было зроблена, прызналі, што ўмовы для пражываньня нармальныя, але калі параўнаць зь іншымі інтэрнатамі, то тут проста жудасна”.

У інтэрнаце Менскага тэхналягічнага каледжу жыве каля 450 студэнтаў. Ня так даўно палова зь іх падпісаліся пад лістом, накіраваным у міністэрства адукацыі. Вось што кажуць самі студэнты пра свой побыт у інтэрнаце.

(Дзяўчына: ) "Гарачай вады ў нас няма, яе пускаюць па гадзінах. Сьвятло ў нас адлучаюць таксама часта, паесьці сабе згатаваць наагул немагчыма".

(Іншая дзяўчына: ) "Дзьве гадзіны на дзень пліты працуюць – раніцай і вечарам, па адной гадзіне. Мышы бегаюць проста па пакоях. Адна дзяўчына прачнулася з раніцы, а ў яе мыш сканала проста ў пакоі".

(Яшчэ адна дзяўчына: ) "На кухні ў тыя гадзіны, калі працуюць пліты, зьбіраецца вельмі шмат людзей ды ўсе не пасьпяваюць сабе гатаваць. Нікому не падабаецца жыцьцё тут".

(Іншая навучэнка: ) "Проста абвальваецца пабелка. Я ішла з умывальніка й перада мной абвалілася пабелка– такі вялікі кавалак. Насамрэч страшна вельмі".

Звычайная стыпэндыя навучэнца каледжа – 56 тысяч рублёў. Штомесяц ён плаціць за месца ў інтэрнаце 10 тысяч. Нязгодным з побытавымі ўмовамі прапануюць зьяжджаць зь інтэрната на кватэру, але большасьць навучэнцаў прыехалі зь вёсак ці маленькіх мястэчак. Бацькі такіх юнакоў і дзяўчат звычайна ня маюць магчымасьці здымаць для сваіх дзяцей жытло.

Актывісты ЗБС вырашылі штодня прыходзіць да інтэрната й частаваць навучэнцаў каледжа гарачай гарбатай: такім чынам студэнты хочуць маральна падтрымаць сваіх равесьнікаў ды зьвярнуць увагу чыноўнікаў на праблемы.
XS
SM
MD
LG