Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік міністра замежных справаў Украіны Антон Бутэйка камэнтуе заяву дырэктара ФСБ


Гутарыў Юры Сьвірко, Кіеў (Бутэйка: ) "Відавочна, спэцслужбы выконваюць спэцыяльныя заданьні. Яны шукаюць тое, што часам нябачна. Бо, ведаеце, калі шукаць крыніцы ці прычыны рэвалюцыі недзе за мяжой, шукаць экспарт рэвалюцыі, дык можна зайсьці вельмі далёка.

Я б параіў тым людзям, якія шукаюць аранжавыя крыніцы рэвалюцыі для іншых дзяржаваў, пашукаць, дзе знаходзіліся крыніцы нацыянальна-вызвольнай вайны на чале з Багданам Хмяльніцкім ці дзе знаходзіліся крыніцы выступленьняў, калі было паўстаньне Спартка ў старажытным Рыме".

(Карэспандэнт: ) "Я папрасіў спадара Бутэйку ад гісторыі перайсьці да будучыні й сказаць, ці будуць украінскія “памаранчавыя функцыянэры” браць удзел у падрыхтоўцы рэвалюцыі ў Беларусі".

(Бутэйка: ) "Я магу на 100 працэнтаў сказаць, што ў гэтай сытуацыі трэба дакладна разумець, што рэвалюцыі нараджаюцца ўласным народам і ніякага экспарту рэвалюцыі быць ня можа ў новых умовах. Вядома, пашырэньне дэмакратыі – гэта працэс нястрымны. І дэмакратыя распаўсюджваецца, паўтараю, менавіта ўласным народам.

А калі ёсьць спрыяньне вонкавых чыньнікаў, яно мае адбывацца ў рамках існуючых нормаў. Калі палітычныя партыі, скажам, Украінская народная партыя, зыніцыююць сваю падтрымку, - а яна зыніцявала гэта, таму што на апошнім зьезьдзе, які быў ва Ўкраінскай народнай партыі, выступаў прадстаўнік апазыцыі зь Беларусі, - дык гэта абсалютна нармальныя кантакты прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў".

(Карэспандэнт: ) "Я спытаўся ў першага намесьніка міністра замежных справаў Украіны, як ён ацэньвае тое, што кіраўнік расейскай ФСБ робіць заявы пра будучую беларускую рэвалюцыю з украінскім удзелам".

(Бутэйка: ) "Я ў гэтай сытуацыі магу толькі гаварыць такое: працэс дэмакратызацыі адбываецца няпроста, ёсьць яго прыхільнікі й праціўнікі. Ёсьць людзі, якія разумеюць гэта, а ёсьць людзі, якія жывуць яшчэ стэрэатыпамі ўчорашняга дня. Яны ёсьць яшчэ на постсавецкай прасторы і, і, мабыць, працяглы час яшчэ будуць захоўвацца".
XS
SM
MD
LG