Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Патрушаў: "Расейскія спэцслужбы маюць дадзеныя пра падрыхтоўку за мяжой плянаў зьмены ўлады ў Беларусі".


Алег Грузьдзіловіч, Менск 12 траўня кіраўнік ФСБ Расеі Мікалай Патрушаў заявіў у расейскай Дзярждуме пра існаваньне плянаў незаконнай зьмены ўлады ў Беларусі. Паводле Патрушава, сцэнар “аксамітнай рэвалюцыі” ў Беларусі абмяркоўвалі на нарадзе, якая адбылася ў Браціславе з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Паводле Мікалая Патрушава, сцэнар зьмены ўлады ў Беларусі нібыта прадугледжвае выкарыстаньне досьведу ўкраінскіх “аранжавых” рэвалюцыянэраў. Заходняя няўрадавая арганізацыя, якой Патрушаў не назваў, накіравала, паводле ягоных словаў, у Беларусь для фінансаваньня “аксамітнай рэвалюцыі” 5 мільёнаў даляраў.

Алег Манаеў, дырэктар нядаўна закрытага ўладамі Беларусі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, браў удзел у канфэрэнцыі, якая пры канцы лютага адбылася ў сталіцы Славаччыны Браціславе. Ён згадаў, што канфэрэнцыя называлася “Новы выклік для дэмакратыі” і на ёй сапраўды абмяркоўвалі сытуацыю ў краінах Усходняй Эўропы і СНД. Аднак, паводле Алега Манаева, “сьмешна” выдаваць зьвесткі пра гэтую сустрэчу за вынік сакрэтнай апэрацыі расейскай спэцслужбы. “Канфэрэнцыя была цалкам адкрытая, зь яе матэрыялаў ніхто не рабіў сакрэту. На ёй сабраліся людзі, заклапочаныя праблемамі разьвіцьця дэмакратыі”, – згадаў Алег Манаеў.

На канфэрэнцыі ў Браціславе ў складзе дэлегацыі беларускіх няўрадавых арганізацыяў пабываў і міжнародны каардынатар “Хартыі-97”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Камэнтуючы выказваньні кіраўніка ФСБ Мікалая Патрушава пра выдзяленьне неназванай арганізацыяй 5 мільёнаў даляраў, спадар Саньнікаў удакладніў паходжаньне гэтых грошай і іх прызначэньне:

(Саньнікаў: ) “Гэта інтэрпрэтацыя ФСБ афіцыйнай інфармацыі. Прыкладам, 5 мільёнаў даляраў выдзеліў Кангрэс ЗША на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі. Нагадаю, што абарона правоў чалавека ў пэўнай краіне (гэта зафіксавана ў міжнароднай дэклярацыі), не зьяўляецца кампэтэнцыяй толькі гэтай краіны. А тое, што ёсьць пэўная дапамога грамадзянскай супольнасьці ня толькі Беларусі, але й Расеі, гэта факт, якога ніхто не хавае”.

Андрэй Саньнікаў не выключае, што сваімі выказваньнямі пра пагрозу новых “аксамітных рэвалюцыяў” у былых краінах СCCP Мікалай Патрушаў паспрабаваў запалохаць ня толькі расейскіх дэпутатаў, перад якімі выступаў. Што да зьмены ўлады ў Беларусі, Андрэй Саньнікаў не бярэцца прагназаваць, як гэта адбудзецца. Між тым асабіста ён вітаў бы перамены:

(Саньнікаў: ) “Тое, што ў нас не мянялася ўлада цягам 11 гадоў, гэта адмоўны факт. Беларусь апынулася па-за межамі тых станоўчых працэсаў, якія ідуць у Эўропе і ў нашым рэгіёне”.

Сярод арганізацыяў, якія Патрушаў абвінаваціў у шпіянажы ў Расеі і ў падрыхтоўцы “аксамітных рэвалюцыяў” – амэрыканскі “Корпус міру” і брытанскі мэдычны дабрачынны фонд Merlin. “Корпус міру” ужо быў выгнаны з Расеі ў 2003 годзе пасьля абвінавачваньняў з боку ФСБ у шпіянажы. У Вашынгтоне прадстаўніца “Корпусу міра” Барбара Дэйлі адхіліла сьцьверджаньні Патрушава як “цалкам беспадстаўныя, ня вартыя і непраўдзівыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG