Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юр’я ў Рычове


Ягор Маёрчык, Рычоў, Жыткаўскі раён, Гомельшчына У Рычове дажджыць і такі моцны вецер, што капялюш з галавы зрывае. Але надвор’е — не перашкода. Вяскоўцы, гэта два дзясяткі пэнсіянэрак і некалькі школьніц, выходзяць у поле на ўскрайку паселішча. Бяруцца за рукі і становяцца ў кола.

(Спадарыня: ) “Блаславі, Божа, нас карагоды вадзіці на жыта, на пшаніцу, на добрыя ўраджай, на шчасьце людзкое.

Ідзі-ідзі, кагарод, Сам Бог напярод. Дзе карагод ходзіць, Там Бог жыта родзіць, А дзе не бывае, То там улягае. Зарадзі, Божа, жыта Да на новае лета! Шчэ на жыта, на пшаніцу Да на ўсякую пашніцу. Каб было зьніцу караністае, А да верху каласістае. Дай, Божа, ўсім здароўя, Як ў гэты дзень, Так і на ўвесь год”.

Кола ідзе паводле гадзіньнікавай стрэлкі. Пасьля спыняецца і рухаецца ў адваротным кірунку. Адна песьня зьмяняецца іншай.

Сьвята Юр’я продкі беларусаў лічылі пачаткам сапраўднае вясны. У гэты дзень першы раз аглядалі палеткі і выганялі на пашу жывёлу. Карагодамі людзі ўслаўлялі Бога, прасілі ў яго ўраджаю, здароўя і багацьця.

У Жыткаўскім раёне Гомельшчыны пра гэтае сьвята памяталі заўсёды. Праўда, за савецкім часам, у гады ваяўнічага атэізму, карагоды вадзіць забаранялі. Пасьля прыдбаньня дзяржаўнай незалежнасьці, адраджэньнем традыцыяў займаецца вясковы Дом культуры.

Тым часам карагод на полі спыняецца. З вуснаў пэнсіянэркі Ганны Рыгораўны гучыць своеасаблівае падсумаваньне:

(Ганна Рыгораўна: ) “Слава Богу, што здаровыя прыйшлі ды пасьпявалі. Слава Богу за ўсё, слава Богу за ўсё, слава Богу за скорб і за радасьць...”

І тут гучыць заклік да дзеяньняў:

(Спадарыня: ) “Пайшлі па хатах!”

Карагод падыходзіць да хаты, што на ўскрайку вёскі, і зноў зацягвае песьню. Мінае некалькі хвілінаў, а з-за брамы ніхто не выходзіць. На твары завадатаркі Ганны Бурак відаць шкадаваньне.

(Карэспандэнт: ) “Нешта вам ніхто нічога ня вынес з гэтай хаты...”






(Бурак: ) “Ня ведаю чаму. Няма нікога. Адзін толькі сабака гаўкае. Пайшлі да другой хаты!”

Шэрагамі пявуньні ідуць па вуліцы. Шэсьце ачольвае ўсё тая ж спадарыня Бурак. Я побач зь ёй.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так мала людзей у Юр’і ўдзельнічае?”

(Бурак: ) “У нас за гэты месяц столькі пахаваньняў было! Мы цяпер па вуліцы едзем, і амаль у кожнай хаце нехта памёр, і месяца яшчэ не прайшло. Таму яны ня ўдзельнічаюць, і мы да іх зайсьці ня можам. Мы яшчэ хатаў пяць пройдзем і толькі тады засьпяваем”.

(Карэспандэнт: ) “А іншым разам людзі ўдзельнічалі?”

(Бурак: ) “Так. Яны далучаюцца да нашага калектыву і могуць хадзіць з намі да самага вечара”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ці доўга ходзіце?”

(Бурак: ) “А мы стараемся абысьці ўсё сяло. Толькі б на гэта сілы хапіла”.

(Карэспандэнт: ) “А яны за карагод вас мусяць нечым аддзячыць?”

(Бурак: ) “Так. Нам у кошык кідаюць яйкі і цукеркі. Кошык з сабою ўзялі. Можам яго поўны і назьбіраць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму старшыня сельсавету да вас ня выйшаў і не павіншаваў? Ці далучаецца ён да сьвятаў?”

(Бурак: ) “У яго цяпер праблемаў хапае. Дзе ня сеецца, дзе тэхніка паламаецца. Ня можа ён адарвацца ад сельсавету. Ён мусіць увесь час сядзець ля тэлефона”.

(Карэспандэнт: ) “А каб вы падышлі да сельсавету ды прасьпявалі... Што б яны вам вынесьлі? Даведку якую, ці яек?”

(Бурак: ) “Яек бы яны нам дакладна ня вынесьлі. У іх там кураў няма. Яны б нам кветкі падарылі. Вунь вішня ды сьліва цьвітуць. Пайшлі бы ды адламалі галінку... Мы разам зойдзем пасьпяваем у гэтую хату і ў вунь тую. Хата адамкнутая. Можна сьпяваць”.

(Іншая спадарыня: ) “Калі хата адкрытая, то і гаспадыня на месцы”.

З хаты выбягае пэнсіянэрка Вольга Красьнік.

Двое малых дзетак падстаўляюць кошык. Старая сыпле гасьцінцы.

(Карэспандэнт: ) “Што вы дзецям падарылі?”

(Красьнік: ) “Яйкі і грошы, каб яны былі вясёлы і харошы. Тады ўвесь год будзе ўсяго. Гэта каб прыбытак быў і ім, і нам, і ўсяму сьвету”.

Спадарыня ня ведае, чаму аддаць сваю ўвагу: ці то маім пытаньням, ці то карагоднікам. Хоча пасьпець і там, і там.

(Красьнік: ) “Дзякуй вам, што прыйшлі пасьпявалі. Каб здаровыя былі, і на наступны год завіталі!”

(Карагоднікі: ) “І вам таксама”.

(Красьнік: ) “Ідзіце з Богам. Спасі вас Госпадзі, храні, і здароўя надзялі”.

Карагод крочыць далей, а я затрымліваюся ля сядзібы Вольгі Красьнік.

(Карэспандэнт: ) “А як жыцьцё ў Рычове?”

(Красьнік: ) “Жывем добра! Можна сказаць, што на высокім узроўні”.

(Карэспандэнт: ) “А што значыць “на высокім узроўні”?”

(Красьнік: ) “Пэнсію нам даюць — 163 тысячы. Не хапае, але на хлеб і на соль ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа вам добра жыць, калі пэнсіі не хапае?”

(Красьнік: ) “А вы хочаце, каб пэнсіі хапала на гарэлку і на віно?!”

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ і на шампанскае!”

(Красьнік: ) “На шампанскае?! Трэба толькі на хлеб і на соль. А ўсё астатняе Бог дасьць”.

Я даганяю пявуньняў. З хаты, ля якой яны прыпыніліся, выходзіць маладзіца. У кошык Людміла Таляніна кладзе падарункі.

(Таляніна: ) “Добра, што яны ў такое сьвята ходзяць ды людзей не забываюць. Дзякуй ім вялікі за гэта!”

(Карэспандэнт: ) “А што вы ім у кошык паклалі?”

(Таляніна: ) “Тут пасха пасьвяцоная, яечкі і дзеткам цукеркі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чаму карагоды ня водзіце?”

(Таляніна: ) “Я наагул ваджу, але цяпер у мяне бабка старэнькая вельмі хворанькая ляжыць. Таму сёньня я да іх ня трапіла”.

(Карэспандэнт: ) “Юр’ю нейкім чынам сьвяткуеце?”

(Таляніна: ) “Дома ранкам абавязкова сядаем з мужам і дзеткамі за стол. Мы сьвяточную малітву прачытаем, усе разам пасьнедаем. Пасьля па гароду паходзім. Вадой сьвяцонай яго пальем. Гэта, каб ураджай у нас большы быў”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы працуеце?”

(Таляніна: ) “Я цяпер зь дзіцяткам сваім сяджу. А так я заатэхнікам у калгасе. А мужык мой трактарыстам”.



(Карэспандэнт: ) “У наш час лёгка дзяцей гадаваць?”

(Таляніна: ) “Як Бог дае. Калі ў мяне ёсьць маці ды бацька, яны дапамагаюць. А ў каго няма — вельмі цяжка. А ў нас яшчэ парнік ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі на агурках можна зарабіць?”

(Таляніна: ) “Можна і тысячу даляраў, можна і болей”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што мільянэры...”

(Таляніна: ) “Ха-ха-ха... Вельмі доўга распавядаць, як мы гэта ўсё робім. У адных толькі леках, чым мы агуркі паліваем, можна запутацца. Столькі працы вакол гэтых гуркоў! Уся сям’я там працуе”.

Нямоглая баба Еўдакія ледзь ногі перастаўляе, але да карагоду ідзе. На вуснах усьмешка, на вачах сьлёзы блішчаць.

(Еўдакія: ) “Дзетка, я хворая, ні на што ня гожа”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, Юр’я дапаможа?”

(Еўдакія: ) “Ну, дай Божа! Хоць я і старая, але ўсё адно хочацца пажыць, каб пабачыць, што далей будзе. Можа, яшчэ лепей жыць будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Канечне, будзе! А што вы не выходзіце ды не сьпяваеце?”

(Еўдакія: ) “Мне 82 гады, і голасу ўжо няма. Адна жыву. Сын хворы ў хаце ляжыць. Ніхто нічым не дапамагае. Вады пакуль сама выцягнуць магу. Дровы купіла, аддала 230 тысяч. А пэнсія ў мяне 120. Вось такім чынам трэба і жыць”.

(Карэспандэнт: ) “А Юр’ю ў савецкі час сьвяткавалі?”

(Еўдакія: ) “Патаемна. Каб вось так старыя хадзілі — такога не было. Камуністы не давалі. А як што ім скажаш, то да вечара і сьлед астыне. Часы тады былі, што ня дай Божа!”

Карагод набірае хуткасьць. Сьпяваюць і танчаць тут і там. Зь нейкага завулку паказваецца дзед Мікалай. Тупае маленькімі крокамі, ды яшчэ на кіёк абапіраецца. Сьвята з такой хуткасьцю яму не дагнаць. Я чарговы раз пакідаю вясёлую кампанію і падыходжу да дзеда.



(Мікалай: ) “Людзі пайшлі карагод вадзіць, а я ўжо нягодны. Нага моцна баліць. Мэдыцына працуе. Я туды толькі што заходзіў. У мяне там на пупе нешта рдзіцца такэе. Я вельмі баяўся, каб рак на мяне не напаў. А доктар мне сказала, што нічога страшнага няма. Трэба, кажа, толькі памыцца”.

У цэнтры вёскі — помнік загінулым у часе другой усясьветнай вайны. З рыдлёўкамі і граблямі на прылеглым траўніку ўвіхаюцца настаўніцы. Кабеты зьдзіраюць леташні дзёран і на ягоным месцы садзяць кветкі.











(Карэспандэнт: ) “А чаму гэта вы ў сьвята працуеце?”

(Першая настаўніца: ) “Трэба прыбраць. Мы тут на працы. Нас сюды прыслалі”.

(Другая настаўніца: ) “Мы б таксама хацелі сьвяткаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Кідайце рыдлёўкі! Хадзем песьні сьпяваць”.

(Першая настаўніца: ) “Нам прагул залічаць”.

(Трэцяя настаўніца: ) “Вось помнік. Яго нядаўна аднавілі. Але зрабілі гэта позна. І мы вымушаныя цяпер працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму дзяцей сюды не прыслалі?”

(Трэцяя настаўніца: ) “Тут цяжка капаць. І дзеці нічога ня зробяць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў школе нейкім чынам Юр’ю адзначаюць?”

(Трэцяя настаўніца: ) “Не. Мы іншыя сьвяты праводзім: да 9 траўня ў нас была літаратурная кампазыцыя, быў круглы стол з вэтэранамі. А сёньня ў нас заплянаванае сьвята — дзень прыёму ў піянэры 4-й клясы. Але я пакуль тут працую. Я прыму іх у піянэры пазьней, але абавязкова сёньня”.

Карагоднікі крочаць далей па вёсцы. Настаўнікі з зайздрасьцю паглядаюць усьлед ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG