Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Патрушаў: "Расейскія спэцслужбы маюць дадзеныя пра падрыхтоўку за мяжой плянаў зьмены ўлады ў Беларусі".


Ул. інф. Пра гэта сёньня , выступаючы ў Дзярждуме Расеі , заявіў дырэктар расейскай спэцслужбы ФСБ. Паводле Патрушава, да гэтай апэрацыі мяркуецца прыцягнуць удзельнікаў нядаўняй зьмены ўлады ва Ўкраіне.

Дырэктар ФСБ паведаміў, што нядаўна ў Браціславе адбылася сустрэча замежных прадстаўнікоў, на якой абмяркоўваліся праблемы працягу “аксамітных рэвалюцыяў” у краінах СНД.

Паводле Патрушава, “распрацоўваюцца праекты прыцягненьня ўкраінскіх “аранжавых” функцыянэраў для падтрыхтоўкі аналягічнай рэвалюцыі ў Беларусі”.

Кіраўнік расейскай спэцслужбы падкрэсьліў, што на гэтыя мэты за мяжою выдзяляецца адпаведнае фінансаваньне, прынамсі, на 2005 год для Беларусі выдзелена 5 мільёнаў даляраў.

Рэакцыю ва Ўкраіне высьвятляў Юры Сьвірко, які сёньня прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі першага намесьніка міністра замежных справаў Украіны Антона Бутэйкі.

(Сьвірко: ) "Я тэлефанаваў у службу бясьпекі Ўкраіны. Ва ўкраінскіх спэцслужбах нічога ня ведаюць пра пляны зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі з дапамогай "памаранчавых функцыянэраў", як сказаў спадар Патрушаў.

Антон Бутэйка заявіў літаральна наступнае: "Відавочна, спэцслужбы выконваюць спэцыяльныя заданьні, яны шукаюць тое, што часам нябачна. Бо, ведаеце, калі шукаць крыніцы ці прычыны рэвалюцыяў недзе за мяжой, можна зайсьці вельмі далёка". Спадар Бутэйка таксама параіў людзям, якія шукаюць аранжавыя крыніцы рэвалюцыі для іншых дзяржаваў, пашукаць, дзе знаходзіліся крыніцы нацыянальна-вызвольнай вайны на чале з Багданам Хмяльніцкім або крыніцы паўстаньня Спартака ў старажытным Рыме. І дадаў, што працэс дэмакратызацыі адбываецца вельмі няпроста. Ёсьць яго прыхільнікі і праціўнікі. Далей цытую: "Ёсьць людзі, якія разумеюць гэта, а ёсьць людзі, якія жывуць стэрэатыпамі ўчорашняга дня былой постсавецкай прасторы".
XS
SM
MD
LG