Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Клімава наведала свайго мужа ў сьледчым ізалятары, дзе яго трымаюць пад вартай з 22 красавіка.


Любоў Лунёва, Менск Андрэя Клімава трымаюць у сьледчым ізалятары з 22 красавіка. Сьледчы камітэт абвінавачвае Андрэя ў арганізацыі несанкцыянаванай вулічнай акцыі 25 сакавіка, якая нібыта прывяла да масавых беспарадкаў.

Яшчэ адна крымінальная справа супраць Клімава, за паклёп на А.Лукашэнку, знаходзіцца ў Першамайскім судзе. Сьледзтва падоўжыла тэрмін зьняволеньня Андрэя да 22 чэрвеня. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць апазыцыйнага палітыка. З 1998 да 2002 году Андрэй Клімаў правёў за кратамі паводле абвінавачаньня за злоўжываньні і крадзяжы.

Андрэй Клімаў адмовіўся ад паслугаў адваката. Апроч таго, ён заявіў сьледчаму, што ня будзе знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Паводле яго, у палітычных справах і сьледзтва і суд заангажаваныя, а на ролю статыста ён не пагаджаецца. Андрэй Клімаў у часе спатканьня з жонкай пацьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю. Гаворыць Тацяна Клімава:

(Клімава: ) “Андрэй адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі справы. Ён ня бачыць сэнсу ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Натуральна, ён сядзіць у сьледчым ізалятары, гэта не курорт. Нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў такіх умовах, выглядае ён нармальна, настрой у яго бадзёры. Ён выглядае ўпэўненым, нават больш упэўненым у турме, чым Лукашэнка на прэзыдэнцкай трыбуне 9 траўня. Я занесла яму перадачу, і ён задаволены. Перадавала яму і кніжкі, але яны яшчэ не дайшлі да яго. Кніжкі даволі сур’ёзныя: Лотман, двухтомнік “Нобэлеўскіх ляўрэатаў” і І-Цзынь “Кніга пераменаў”.

Андрэя Клімава затрымалі 22 красавіка на вуліцы Платонава. У Сьледчым камітэце яму прад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў 25 сакавіка. У той дзень некалькі сотняў чалавек сабраліся ля Кастрычніцкай плошчы, каб ладзіць шэсьце пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Улады разагналі мірную дэманстрацыю. Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя ў выніку так званай “зачысткі”. Іх пакаралі арыштамі і штрафамі.

Яшчэ адна крымінальная справа супраць Андрэя Клімава — за паклёп на А.Лукашэнку — знаходзіцца ў Першамайскім судзе. Падставай для яе сталі публікацыі апазыцыйнага палітыка, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Першае судовае паседжаньне адбылося 7 красавіка. Адмыслоўцы лічаць, што судзіць Андрэя будуць у адным судзе паводле абедзьвюх справаў.

Андрэй Клімаў ужо трэці апазыцыйны палітык, супраць якога распачалі крымінальную справу за арганізацыю вулічнай акцыі. Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча і былога лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца 23 траўня будуць судзіць у Цэнтральным судзе Менску за арганізацыю вулічных акцыяў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG