Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія Наваполацкага гарвыканкаму не знайшла правапарушэньня ў дзеяньнях затрыманай студэнткі


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Адміністрацыйная камісія Наваполацкага гарвыканкаму разгледзела справу студэнткі Вольгі Семянчуковай, якая 21 красавіка распаўсюджвала ў мясцовым ўнівэрсытэце незалежны студэнцкі бюлетэнь і была затрыманая работнікамі міліцыі.

Вольга Семянчукова была абвінавачана ў распаўсюдзе друкаваных выданьняў без выходных зьвестак, пра што быў складзены адпаведны пратакол. Азнаёміўшыся з пратаколам і зьместам бюлетэню “Макасін”, які распаўсюджвала дзяўчына, камісія вынесла пастанову: справу спыніць з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня. Нагадаем, што два тыдні таму гэткім жа чынам быў апраўданы студэнт ўнівэрсытэту Алег Вяжэвіч, якога таксама затрымалі падчас распаўсюду бюлетэню.

Сёньня ж наваполацкі гарадзкі суд мусіў разглядаць скаргу Аляксея Трубкіна на дзеяньні ўсё той жа адміністрацыйнай камісіі. У Дзень Волі спадар Трубкін ўручыў сябрам рэктарату Полацкага дзяржунівэрсытэту віншавальныя ўлёткі, за што быў аштрафаваны камісіяй на 102 тысячы рублёў. Судовае паседжаньне перанесенае на 18 траўня.

Пракамэнтаваў сытуацыю старшыня ўнівэрсытэцкай суполкі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Аляксей Лукашэвіч:

(Лукашэвіч: ) “Яшчэ пару гадоў таму цяжка было ўявіць, каб ва ўнівэрсытэце каго-небудзь затрымлівалі за распаўсюд студэнцкіх выданьняў альбо пісьмовых віншаваньняў. Сёньня гэта ўжо рэальнасьць. Ідэалягічны ціск узмацняецца. У прыватнасьці, ва ўнівэрсытэце перакрыты доступ да ўсіх незалежных беларускіх сайтаў. Фільтар стаіць нават на альтэрнатыўным студэнцкім сайце Полацкага дзяржунівэрсытэту. Але бюлетэні па-ранейшаму выдаюцца і распаўсюджваюцца, хай і з аглядкай”.
XS
SM
MD
LG