Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Скарабагатаў: “Хто ведае гісторыю, той ведае, што ёсьць сапраўднымі сымбалямі беларускімі"


Іна Студзінская, Менск 14 траўня 1995 году ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, адным з пытаньняў якога было: “Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб ўсталяваньні новых Дзяржаўнага сьцягу і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь?”. Паводле афіцыйных дадзеных, якія абнародаваў Цэнтаравыбаркам, амаль 80% тых, хто прыняў удзел у галасаваньні, адказалі “так”.

З таго часу старажытны бел-чырвона-белы сьцяг быў заменены на чырвона-зялёны, а герб “Пагоня” на іншы, вельмі падобны да былога БССРаўскага.

У траўні 1994-га беларускае грамадзтва падзялілася на дзьве часткі: адны з энтузіязмам віталі вяртаньне савецкіх сымбаляў, другія ўсё роўна сваімі дагэтуль лічаць”Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг. Нягледзячы на забароны, абвінавачаньні і нават перасьлед уладаў. Народны паэт Ніл Гілевіч, старшыня Камісіі культуры і адукацыі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, у верасьні 199-га быў адным зь ініцыятараў аднаўленьня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцягу і гербу Пагоня.

(Гілевіч: ) “Я гэтых сымбаляў не памяняю. Ня ведаю, колькі мне яшчэ засталося тупаць на гэтым сьвеце, але да канца дзён маіх застануцца са мной бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня”. Я і цяпер ганаруся. Нічога, гісторыя не вымяраецца гадамі, яна стагодзьдзямі вымяраецца. Яшчэ і дзеці, і ўнукі будуць выходзіць і любавацца на наш бел-чырвона-белы сьцяг”.

Так, гісторыя вымяраецца стагодзьдзямі. Першыя зьвесткi пра “Пагоню” зьявіліся ў 1044 годзе. У 1270-м Пагоня стала гербам Наваградка. А з 1293-га - гербам усяго Вялікага Княства Літоўскага. Ёсьць прыгожае паданьне пра тое, як узьнік сьцяг. Быццам, жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Неяк у бойцы князя паранілі. Верныя сябры вынесьлі князя з поля бітвы і перавязалі рану белай хусьцінай. Але беларускія рыцары, застаўшыся без любімага князя, пачалі адступаць. І тады паранены князь падняўся, зьняў павязку з ілба і разгарнуў яе, быццам, сьцяг. Белая павязка з чырвонай стужкай пасярэдзіне стала знакам мужнасьці, і рыцары зноў пайшлі ў бой і перамаглі...

Меркаваньне заслужанага артыста Беларусі, ляўрэата шматлікіх прэміяў Віктара Манаева.

(Манаеў: ) “Вядома, што старажытныя сымбалі належаць не канкрэтнаму пакаленьню людзей, якія могуць на рэфэрэндумах нешта рашаць: быць там мове, якім быць сымбалям. Яны належаць гісторыі. І таму, як сказаў Янка Купала, “Нашы вярнуцца нам мусяць, канечне”. Так што вернецца тое, што наша, спрадвечнае. Што існавала да 1952 году. Таму што на рэфэрэндумы немагчыма выносіць пытаньні аб сымбалях і аб мове. Гэта мае перакананьне – яны не належаць канкрэтнаму пакаленьню. Бо яны існуюць у памяці людзей, якія жылі яшчэ і ў 1410 годзе, і якія надалей будуць жыць”.

Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, выбітны геоляг Радзім Гарэцкі так сказаў пра свае сымбалі:

(Гарэцкі: ) “Вельмі ганаруся тым, што наш – бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня”. Ну а новыя, я лічу, яны незаконныя. І я на 100% за старажытныя сымбалі нашы”.

У гонар алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Сьвятланы Парамыгінай на зімовых Алімпійскіх гульняў у Лілехамэры ў 1994 годзе ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Але зараз журналістка газэты “Прессбол” Сьвятлана Парамыгіна больш шануе старыя сымбалі.

(Парамыгіна: ) “Для мяне тое, што было раней - да таго, як Беларусь стала незалежнай, і пасьля рэфэрэндуму - значна бліжэй. Я нарадзілася ў Сьвярдлоўску, я жыву тут, таму што тут вырасла, але ўсё адно мой адрас – Савецкі Саюз”.

Заслужаны артыст Беларусі, знакаміты опэрны сьпявак і музыказнаўца Віктар Скарабагатаў цалкам перакананы:

(Скарабагатаў: ) “Хто ведае гісторыю, той ведае, што ёсьць сапраўднымі сымбалямі беларускімі. Такія рэчы ні рэфэрэндумам, ні чым іншым не выбіраюць. Ну, быў рэфэрэндум, і што? Гэта абсалютна не тычыцца нашай сымболікі. Яна была, застаецца і будзе назаўжды ў беларускага народа – гэта Пагоня і бел-чырвона-белы штандар. Ніякай іншай ня будзе. Усялякая часовая рэч – яна была, ёсьць і пэўны час будзе. Але якія б ні былі выдатныя і таленавітыя мастакі, яны ня змогуць зьмяніць тое, што аб’ектыўна існуе як ісьціна. Гэта пытаньне часу, ня болей за тое”.

Андрэй Савіцкі, сын знакамітага мастака Міхаіла Савіцкага, лічыць менавіта сябе аўтарам сымболікі, якая была прынятая пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. І вельмі ганарыцца гэтым.

(Савіцкі: ) “Калі Замяталін скінуў тое, што трэба рабіць, па-першае, Міхаіл Андрэевіч быў ня вельмі за тое, каб вярнуць старую сымболіку. Я гэтую сымболіку маляваў. Міхаіл Андрэевіч у гэтым ня ўдзельнічаў. Вы размаўляеце з чалавекам, які зрабіў першы эталён сьцяга па тым ўзоры, які спусьцілі ад Лукашэнкі, толькі трэба было крыху падправіць”.

У кожнага з маіх суразмоўцаў, якія застаюцца вернымі гістарычным сымбалям – “Пагоні” і бел-чырвона-беламу сьцягу, свае, глыбока асабістыя пачуцьці і ўспаміны, зьвязаныя зь імі.

Паэт Міхал Анемпадыстаў, аўтар і фундатар музычных праектаў “Я нарадзіўся тут”, “Народнага альбому”:

(Анемпадыстаў: ) “Першы выпадак – калі дачка мая намалявала беларускі сьцяг. Я ня ўпэўнены, што яна ведала, што гэта беларускі сьцяг, бо была занадта малая яшчэ, але для мяне гэта было вельмі прыемна. А другі выпадак – у Празе я бачыў бел-чырвона-белы сьцяжок намаляваны, і было падпісана зьнізу “Беларусь”. Мне было вельмі прыемна і нечакана. Праўда, гэта было даўно – яшчэ за Савецкім Саюзам”.

Акадэмік Радзім Гарэцкі прыгадвае 1993-ці, І зьезд беларусаў сьвету.

(Гарэцкі: ) “Тады і сьцягі, і “Пагоня” луналі над усімі людзьмі беларускімі. Гэта быў такі ўздым велізарны. Проста сьлёзы былі на вачах ад радасьці, што мы нарэшце сталі па-сапраўднаму самастойнымі. Беларушчына ўсюды была тады”.

Народны паэт Ніл Гілевіч таксама ўзгадвае вельмі асабістае:

(Гілевіч: ) “Ніна Іванаўна аднойчы заходзіць і кажа: “Пойдзем хутчэй!” - “Куды?” – “Выйдзем – скажу”. Я жыву на рагу Маркса і Энгельса. Побач – былы ЦК, Дом Вярхоўнага Савету пры Шушкевічы (дзе цяпер вялікі правадыр засядае, пан начальнік дзяржавы). І над гэтым будынкам – бел-чырвона-белы сьцяг. А быў такі ветраны вечар, і вецер так прыгожа яго разьвяваў, сьцяг асьветлены. Як хораша ў вышыні ён глядзіцца! Во радасьці было! І гонару, і годнасьці. Завалася б, няма ў сьвеце прыгажэйшага сьцяга. Настолькі нашы продкі мелі густ і падабралі такія колеры!”

Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў таксама ў захапленьні ад спалучэньня белага і чырвога на сьцягах.

(Скарабагатаў: ) “Асабліва калі іх багата, абсалютнае сьвята душы адчуваеш. Нават калі бачыць адзін, і тое добра. Мо, такое спалучэньне вельмі прыгожае. Надзвычай прыгожае. Сьвятлей становіцца, нават калі дожджык ідзе альбо хмарна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG