Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ прэзэнтавалі Эвангельле ад Яна па-беларуску


Галіна Абакунчык, Менск У рамках сьвяткаваньня Дня беларускага асьветніка і царкоўнага дзеяча Кірылы Тураўскага, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце адбылася прэзэнтацыя Эвангельля ад Яна ў перакладзе на беларускую мову.

Кніга перакладзеная адмысловай біблейскай камісіяй у складзе праваслаўных сьвятароў і навукоўцаў БДУ. Гэта чацьвертае беларускамоўнае Эвангельле, надрукаванае выдавецкім аддзелам Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. Яго наклад — тысяча асобнікаў.

Праваслаўнымі хваласьпевамі ўдзельнікаў імпрэзы вітаў студэнцкі хор унівэрсытэту. Мастацкую кампазыцыю рыцарскага паядынку прадэманстравалі таксама ўдзельнікі моладзевага клюбу.

Паводле кіраўніка біблейскай камісіі айца Сяргея Гардуна, выданьне Эвангельля ад Яна ёсьць значнай падзеяй у культурным і рэлігійным жыцьці краіны. Кніга адметная тым, што зьмяшчае арыгінальны старажытнагрэцкі тэкст. Ён жа перакладзены і надрукаваны на царкоўнаславянскай, расейскай дарэформавай і сучаснай беларускай мовах. Усяго ад пачатку працы камісіі ў 1991 годзе былі выдадзеныя чатыры Эвангельлі, у тым ліку ад Мацьвея, Марка і Лукі. Чаму праца ідзе гэтак марудна, айцец Сяргей Гардун тлумачыць:

(Гардун: ) “Самае цяжкае было знайсьці беларускія адпаведнікі царкоўна-багаслоўскім тэрмінам. Таму, што царкоўная мова ў Беларусі не распрацаваная. Усяго ў Бібліі 77 кніг, а перакладзена толькі чатыры, праўда, самых галоўных. Нам трэба было вызначыцца ў пэўных тэрмінах. А цяпер, калі мы вызначыліся, праца, канечне ж, пойдзе хутчэй”.

Прэзэнтацыя адбывалася побач з помнікамі Эўфрасіньні Полацкай і Францішку Скарыну ў двары ўнівэрсытэту. Сярод іншых на ўрачыстасьці прысутнічалі рэктар БДУ Васіль Стражаў, былы міністар адукацыі Пётар Брыгадзін, мітрапаліт Філарэт ды іншыя асобы. У сваіх прамовах яны адзначалі, што пераклад біблейскіх тэкстаў на беларускую мову ёсьць працягам традыцыяў, запачаткаваных Кірылам Тураўскім і Францішкам Скарынам, а таксама ўшанаваньнем іхнай памяці. Тое, што імпрэза адбылася неўзабаве пасьля перайменаваньня праспэкту Францішка Скарыны, ніхто зь іх не згадаў. Вось як гэта пракамэнтаваў паэт Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Любы выхад беларускамоўнага перакладу Бібліі ёсьць, безумоўна, станоўчым фактам, якому можна толькі цешыцца. Але як вы, шаноўныя царкоўныя ярархі, ставіцеся да перайменаваньня праспэкту Скарыны, пра якога гаворыце? Гэта было б дарэчна і своечасова пачуць. Гэта гаворыць, відаць, пра няпоўную шчырасьць гэтых людзей, якія згадваюць Скарыну ў патрэбны момант і забываюць у іншы патрэбны момант. А ў астатнім я вельмі задаволены і віншую беларусаў”.
XS
SM
MD
LG