Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Мілінкевіч заклікае як мага хутчэй вызначыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта


Ганна Соусь, Менск Адзін з прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да лідэраў беларускай апазыцыі з заклікам да ўсеагульнай кансалідацыі. Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што трэба як мага хутчэй вызначыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Аляксандар Мілінкевіч заклікае лідэраў беларускай апазыцыі не дапусьціць памылак 2001 году і не ісьці на выбары “некалькімі калёнамі”.

(Мілінкевіч: ) “Я маю вялікі досьвед у правядзеньні кампаніяў і мясцовых выбараў, і парлямэнцкіх, і прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі кіраваў кампаніяй Домаша. Я абсалютна ўпэўнены, што ў беларускай апазыцыі ёсьць сілы на адну эфэктыўную сур’ёзную кампанію, калі мы ўсе разам аб’яднаемся. Калі будзе некалькі кампаніяў, мы ўжо загадзя пацерпім паразу. І таму я зьвярнуўся да тых людзей, якія не далучыліся да працэсу вызначэньня адзінага кандыдата з дапамогай Кангрэсу дэмакратычных сілаў, каб яны як мага хутчэй пачалі працаваць у гэтым кірунку”.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што адзінага кандыдата трэба вызначыць як мага хутчэй, і ў сувязі з гэтым ён заклікае лідэраў апазыцыі ўзяць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, на якім і будзе абраны адзіны кандыдат. Зварот Аляксандра Мілінкевіча адрасаваны Аляксандру Вайтовічу, Аляксандру Казуліну, Уладзімеру Коласу, Міколу Статкевічу, Валеру Фралову і Аляксандру Ярашуку.

Былы старшыня Савету рэспублікі Беларусі акадэмік Аляксандар Вайтовіч станоўча паставіўся да закліку Мілінкевіча:

(Вайтовіч: ) “Сапраўды, такія галасы даўно раздаюцца. Аляксандар Мілінкевіч ня першы… Можа, ён упершыню агучыў для грамадзкасьці. Гэта ўжо гучала на абласных канфэрэнцыях, на якіх разглядаюцца прэтэндэнты на адзінага кандыдата. Усё роўна мы да гэтага прыйдзем”.

А вось меркаваньне аднаго зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Міколы Статкевіча:

(Статкевіч: ) “Цяпер усе рэальна дзейныя структуры беларускіх дэмакратычных сілаў аб’яднаныя ў стала дзейную нараду дэмакратычных сілаў, куды ўвайшлі шэсьць суб’ектаў ад кааліцыі “5+” і чатыры суб’екты ад “Эўрапейскай кааліцыі”. За межамі працэсу вылучэньня адзінага кандыдата пакуль застаюцца тыя кандыдаты, моцныя палітыкі, да якіх і зьвяртаецца спадар Мілінкевіч, якіх не падтрымалі партыі. Я лічу, што бяз гэтых людзей кансалідацыя ня будзе поўнай”.

Лідэр Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук цалкам пагаджаецца з Аляксандрам Мілінкевічам у тым, што павінна адбыцца кансалідацыя дэмакратычных сілаў, але лічыць, што ня трэба прысьпешваць гэты працэс.

(Ярашук: ) “Але цяпер ставіць пытаньне рубам, што гэтае аб’яднаньне павінна адбыцца як мага хутчэй, маючы на ўвазе і хутчэйшы тэрмін правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў… У мяне іншы пункт гледжаньня. Я не лічу, што ёсьць насамрэч такая пільная неабходнасьць паскараць гэты працэс. Як мне падаецца, цяпер мае месца працэс яднаньня дэмакратычных сілаў. Часу яшчэ больш чым дастаткова. Гэты працэс насамрэч патрабуе, каб высьпела штосьці і сярод тых людзей, якія вызначаюць сябе як патэнцыйныя прэтэндэнты”.
XS
SM
MD
LG