Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Скаражонак: “Мяне спрабуюць дыскрэдытаваць людзі, якія незаконна карыстаюцца брэндам “Песьняроў”


Ігар Карней, Менск Былы дырэктар “Песьняроў” Валеры Скаражонак абвяргае паведамленьні пра свае праблемы зь міліцыяй. Вакаліст дзяржаўнага ансамблю лічыць, што плёткі пра яго арышт запускаюць апанэнты, якія незаконна карыстаюцца “песьняроўскім” брэндам і якім выгадна дыскрэдытаваць прадаўжальнікаў мулявінскіх традыцыяў.

Тым часам былыя ўдзельнікі “Песьняроў” розных гадоў настойваюць на тым, што Скаражонак нібыта датычны да нямэтавага выдаткаваньня дзяржаўных сродкаў.

У сілавых ведамствах паведамляюць, што ніякай інфармацыі пра затрыманьне вакаліста “Песьняроў” у іх няма. Зрэшты, у гарадзкім упраўленьні ўнутраных справаў дапускаюць, што Скаражонак можа знаходзіцца, прыкладам, пад падпіскай пра нявыезд, аднак пра нейкую справу адносна злоўжываньняў з боку былога дырэктара “Песьняроў” нічога ня ведаюць.

Дзяржаўны куратар “Песьняроў” — Міністэрства культуры. Кіраўнік упраўленьня мастацтваў Міхал Казловіч таксама не валодае зьвесткамі пра магчымыя праблемы свайго падначаленага.

(Казловіч: ) “Такой інфармацыі ў нас няма, ніхто яго не затрымліваў”.

(Карэспандэнт: ) “Падобныя чуткі мусіруюцца досыць даўно. Яны беспадстаўныя?”

(Казловіч: ) “Ну, чуткі ёсьць чуткі. Без камэнтароў”.

Сёньня мне ўдалося пагаварыць з самім Валерыем Скаражонкам. Ён лічыць, што чуткі пра ягоны арышт распаўсюджваюць былыя калегі, якія падобным чынам нібыта жадаюць дыскрэдытаваць і яго асабіста, і ўвесь дзяржаўны ансамбль.

(Скаражонак: ) “Як толькі я разьвітаўся з пасадай дырэктара “Песьняроў” (бо я ў першую чаргу артыст), усё гэта і папаўзло. Нават здагадваюся адкуль: гэта апанэнты, якія незаконна карыстаюцца нашым брэндам. Усё адтуль, таму што людзі, у якіх вычарпаны творчы патэнцыял, пачынаюць займацца плёткамі”.

(Карэспандэнт: ) “Гаварылася, што мелі месца вялікія фінансавыя растраты. Мяркуеце, гэта мэтанакіраваная кампанія супраць вас?”

(Скаражонак: ) “Лухта гэта ўсё. Трэба было проста абліць брудам. Паўтара году таму было гэта ж самае, пры Мулявіну было. Таму зьдзіўляцца не даводзіцца”.

Два гады таму рашэньнем міністра культуры Валеры Скаражонак замяніў на пасадзе Ігара Сьвечкіна, які перад тым быў дырэктарам у “Песьнярах” больш за дзесяць гадоў. Яшчэ пры Мулявіну Сьвечкін займаўся фінансавымі пытаньнямі і кажа, што прэтэнзіі з боку кантрольных органаў за нямэтавае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў — звычайная справа.

(Сьвечкін: ) “Я ж не адзін год працаваў у “Песьнярах”. Адзінаццаць апошніх гадоў быў побач з Уладзімерам Мулявіным. Гадоў сем наагул у мяне было права подпісу. І ў дадзеным выпадку прычынай маглі быць дзяржаўныя, бюджэтныя сродкі, якія выдаткоўваліся на будаўніцтва студыі. Як прыкладам, пры мне было: студыю гуказапісу даводзілі да ладу, ставілі шклопакеты, ралеты. Гэта былі мэтавыя грошы. Ня выключана, што ў дадзеным выпадку сродкі выдаткоўваліся ня згодна з артыкулам расходаў. Прыйшла праверка, кантрольна-рэвізійнае ўпраўленьне. Можа, ён не разумеў, што гэтыя грошы заўсёды будуць кантраляваць? Праверылі, а там, магчыма, фінансавыя недалікі. Так мне падаецца”.

Яшчэ адзін удзельнік “Песьняроў” мулявінскага ўзору, Уладзіслаў Місевіч, сьцьвярджае, што над Скаражонкам “хмары” згушчаліся даўно, і на яго выратаваньне былі кінутыя вельмі сур’ёзныя сілы.

(Місевіч: ) “Яго ратавалі. Ці выратавалі? Ня ведаю. Людзі ў гэтым бралі ўдзел блізкія да “вярхоў”, зусім блізкія, канкрэтныя людзі. Абодва бакі прыкладалі намаганьні. І чымсьці гэта павінны было скончыцца”.
XS
SM
MD
LG