Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьмену назваў праспэктаў і вуліц у Менску лічу самым ганебным учынкам Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта!”


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 12-га траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў

(Спадар: ) “Сёньня 11 траўня я быў у Драгічынскім раёне, дзе рыхтуюцца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Што там робіцца, нібы ў дурдоме!

Пад дажджом кладзецца асфальт, пад дажджом фарбуюцца новыя платы сырога штакетніку, які яшчэ некалькі дзён таму быў лесам, з травянога дзёрну выкладваюцца дарожкі. Калі паглядзець на гэтую паказуху, то шкада тых грошаў, якія на гэта затрачваюцца. А між тым на рэканструкцыю Брэсцкай крэпасьці сродкі зьбіраюцца з насельніцтва. А тое, што фарба пасьля ад’езду Лукашэнкі пааблазіць пад дажджом, асфальт, які лажылі пад дажджом, таксама выкрашыцца, нікога не хвалюе. Лукашэнкаўская пазуха галоўней за ўсё! Вельмі непрыемнае ўражаньне засталося ад таго, што я ўбачыў сваімі вачыма”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць адносіны наконт перайменаваньня галоўных праспэктаў нашай сталіцы.

Лічу, што большасьць жыхароў Менску супраць гэтага ненатуральнага “праекту”. Няма ніякай неабходнасьці нешта зьмяняць. Скарына – гэта фундамэнт у прамым сэнсе слова ў нашай гісторыі, гэта аснова, база нашай культуры. І на задворках малавядомай вуліцы, мяркую, нават сорамна Старабарысаўскаму тракту надаваць імя Скарыны.

Усё гэтае перайменаваньне ненатуральнае! А памяць вэтэранаў… Ёсьць жа сапраўды знакавыя месцы – плошча Перамогі і плошча Незалежнасьці. І ня трэба ў гэтым выпадку карыстацца іменем вэтэранаў, кажучы, што ўсё робіцца на іх ініцыятыву і ініцыятыву мінчукоў. 90 адсоткаў мінчукоў, я ўпэўнена, супраць гэтай акцыі! Яна нелягічная! Яна немэтазгодная! Яна непатрыятычная!

Лічу, што праспэкты Скарыны і Машэрава павінны насіць свае імёны! Мы ганарымся нашымі суайчыньнікамі!”

(Уладзімер: ) “У апошні час вельмі шмат дыскусіяў што да перайменаваньняў вуліц у Менску. Гэта ўсё вельмі добра. Але па-за ўвагай засталася іншая тэма.

Пад час параду 9 траўня нашыя дзеці ў летніх строях вымушаны былі маршараваць па праспэкце пад праліўным дажджом з тэмпэратурай +7 градусаў. Гэта значыць, што нашыя дзеці былі падвергнуты моцнаму выпрабаваньню холадам і дажджом. А калі вопратка намакае, то гэта аказвае вельмі адмоўны ўплыў на здароўе. Гэта я ведаю, бо нашая сям’я займаецца загартоўваньнем. Калі мы пачыналі загартоўвавцца, улічвалі гэтыя моманты. Усё гэта адбывалася вельмі паступова. А тут нашыя дзеці ідуць па праспэкце, дзяўчаты, з аголенымі сьпінамі, танцуюць пад дажджом. І гэта амаль што нікога і не хвалюе!

Гэта значыць, што нашае грамадзтва зноў прадэманстравала сваю няздольнасьць абараніць дзяцей як найменш абароненых яго прадстаўнікоў. Таму трэба працаваць, думаць і нешта спрабаваць рабіць”.

(Цыбульскі Леанід Фядосавіч: ) “Я наконт перайменаваньня вуліц. Уявіце, што наш прэзыдэнт ніколі ў жыцьці ня слухаў народ і не прыслухоўваецца да яго. Ён што хоча, тое і робіць. Тое самае і вэртыкаль яго робіць, вэртыкаль прэзыдэнта.

У Рэчыцы негазафікаваныя цэлыя раёны! Прэзыдэнт прымушае атаплівацца торфам і дровамі. Карацей кажучы, вяртае нас да пасьляваенных часоў. Вэртыкаль сродкі траціць абы куды! У Рэчыцы мэр гораду пабудаваў адну плошчу, вылажыў новай дэкаратыўнай пліткай, дэкаратыўныя платы ставіць. Карацей кажучы, паказуху робіць. Сёньня гарадзкі сквэр разваліў і робіць новую плошчу, на што ідуць вялізарныя сродкі! А калі былыя сыны вайны зьвяртаюцца да яго па дапамогу пралажыць газ, ён кажа, што няма сродкаў”.

(Іван Мудакоў:) “Паважаныя беларусы! Адгадайце загадку. Як будзе называцца горад Менск праз некалькі год. Падказка. Быў Ленін – быў Ленінград. Быў Сталін – быў Сталінград”.

(Раіса Мікалаеўна: ) “Замена назоваў цэнтральных магістраляў нашай сталіцы, якія сымбалізуюць эпоху Машарэва, якога і дасюль абагаўляла ці не бальшыня сталага насельніцтва Беларусі; і эпоху адраджэньня, якую сымбалізуе для шчырых беларусаў усяго сьвету імя вялікага беларуса ўсіх часоў Францыска Скарыны, лічу самым ганебным учынкам Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта! Таму што ён закранае сьветлыя пачуцьці ўсяго народу.

Тое, што пераназоў праспэктаў прыйшоўся на шасьцідзесяцігодзьдзе Перамогі - невыпадкова. Вэтэраны-адстаўнікі, зь якіх абсалютная бальшыня расейцы з паходжаньня і якія са сьвята ў сьвята брангочаць мэдалямі на самых высокіх трыбунах і афіцыйных мерапрыемствах, павінны данесьці ўсё гэта да шырокіх прастораў Расеі, куды і накіраваны ўсе памкненьні Лукашэнкі.

Закончу словамі Зянона Пазьняка. “Нам кажуць: мы ўсё страцілі. Мы кажам: мы ўсё вернем”.
XS
SM
MD
LG