Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Гілевіч: "Лепшага імя за Скарыну для назову праспэкту ў нашай гісторыі не знайсьці"<b/>


Ігар Карней, Менск Перайменаваньні цэнтральных праспэктаў Менску (праспэкту Скарыны – у Незалежнасьці, а Машэрава – у Пераможцаў) выклікалі вельмі бурную рэакцыю.

Актывісты моладзевых рухаў ужо пачалі збор подпісаў і заклікаюць жыхароў байкатаваць перайменаваньне, ня браць удзелу у замене шыльдаў, дакумэнтаў і штампаў. Збор подпісаў плянуецца завяршыць пры канцы траўня, пасьля чаго лісты будуць накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў Менгарвыканкам.

Адзін з ініцыятараў перайменаваньня праспэкту Леніна ў праспэкт Скарыны народны паэт Ніл Гілевіч кажа, што гэтая ідэя ўзьнікла падчас сьвяткаваньня 500-годзьдзя першадрукара і цяперашняе рашэньне абражае яго асабіста. Спадар Гілевіч дадае: “Самае прыкрае, што ўсё гэта адбываецца ў дні сьвяткаваньня Перамогі”. А для вэтэранаў імя Машэрава – зусім не апошняе.

(Гілевіч: ) “Усе вэтэраны на яго маліліся і цяпер працягваюць маліцца памяці Машэрава. Але самае жахлівае – ліквідуюць самае вялікае імя – Скарыны. Забудуцца ўсе, нават вялікія правадыры, забудуцца многія дзеячы, але будзе ў стагодзьдзях жыць імя Скарыны, паколькі яно належыць чалавецтву. Калі было 500-годзьдзе Скарыны, на вялікай вечарыне я быў дакладчыкам і выказаў ідэю: мы павінны ў самы бліжэйшы час назваць праспэкт Леніна праспэктам Скарыны. Да гэтай прапановы прыслухаліся і празь нейкі час сапраўды так зрабілі. І лепшага імя знайсьці ў нашай гісторыі немагчыма”.

Вядомы спэцыяліст доктар гістарычных навук Захар Шыбека шмат гадоў уваходзіў у склад тапаграфічнай камісіі пры Менгарвыканкаме. І кажа, што гэтая структура ў рэальнасьці нічога не вырашае. У сваю чаргу выканаўчая ўлада таксама ня мае самастойнасьці ў прыняцьці такіх рашэньняў.

(Шыбека: ) “Я выйшаў з тапаграфічнай камісіі пры гарвыканкаме, таму што гэтая камісія ня мае ніякага значэньня і ўплыву. Гарвыканкам вырашае ўсе пытаньні, пасьля чаго камісія служыць прыкрыцьцём. Таму я выйшаў зь яе”.

Натуральна, я пацікавіўся, ці застаюцца нейкія рэальныя мэханізмы грамадзкага супраціву прынятаму рашэньню. Спадар Шыбека сказаў, што ставіцца да магчымасьці сустрэчных контразахадаў досыць пэсымістычна, паколькі гісторыя зь перайменаваньнямі – гэта палітычная акцыя.

(Шыбека: ) “У нас ня першы раз пераназываюць вуліцы, і ніякай рэакцыі на гэта не было. Хутчэй за ўсё, ня будзе і цяпер”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, гэтаму супрацьстаяць ужо цяжка?”

(Шыбека: ) “Так, гэта ж палітычная акцыя, палітычны праект. А ўсялякі палітычны праект ажыцьцяўляецца без азіраньня на грамадзкасьць, на матэрыяльныя выдаткі. Цяжка знайсьці нейкую лёгіку ў іх. Гэта валявое палітычнае рашэньне”.

Калі яшчэ раз вярнуцца да пазыцыі гарадзкіх уладаў, то дэпутат гарсавету Віктар Шанюкевіч канстатуе, што перайменаваньні вуліц традыцыйна адбываюцца без шырокага абмеркаваньня. Ня абнародуюцца й матэрыяльныя выдаткі на такія праекты. Зрэшты, сам дэпутат таксама лічыць, што публічнасьць у гэтым пытаньні не патрэбная.

(Шанюкевіч: ) “Я разумею, пра што вы кажаце, але ніводнага разу такія пытаньні на сэсіі не разглядаліся. Ці патрэбна гэта? Хутчэй за ўсё, не. Бо ёсьць пытаньні лякальныя, якія дастаткова разгледзець толькі ў камісіі. Тыя перайменаваньні вуліц і праспэктаў, якія адбываліся цягам васьмі гадоў майго дэпутацтва, ніводнага разу на сэсію не выносіліся, нягледзячы на іх, у пэўным сэнсе, спрэчнасьць. І калі казаць у зьвязку з апошнімі рашэньнямі, то са свайго досьведу магу сказаць: хутчэй за ўсё, такое абмеркаваньне й не патрэбнае. Таму сэсія гарсавету гэтага й не разглядала. Напэўна, з прававога гледзішча гэта ня ёсьць неабходнасьцю”.

Спэцыялісты канстатуюць: сытуацыя з назовамі вуліц застаецца вельмі складанай. Ацэньваючы праблему ўвогуле, супрацоўніца Інстытуту мовазнаўства Валянціна Лемцюгова наўпрост сьцьвярджае: дзьвюхмоўе чыноўнікі разумеюць як прыярытэт расейскай, і можна казаць пра такую зьяву, як павальная непісьменнасьць.

(Лемцюгова: ) “Вельмі шмат памылак і ўвогуле прыкладаў бескультур’я. Пішуць і па-расейску, і па-беларуску. Але беларуская мова пры гэтым усё часьцей ігнаруецца. Нейкае ж раўнапраўе мусіць быць у дзьвюхмоўі, да нацыі беларускай павінна быць павага. А так цераспалосіца суцэльная, стракатасьць у назвах, непісьменнасьць. Усё гэта сьведчыць пра тое, што неабходна нарматыўныя акты прыняць, закон аб геаграфічных назвах, як гэта зроблена ў іншых краінах. Пры наяўнасьці закону ня будзе такога, будзе прынятая агульная норма. А пакуль – хто як захоча…”

Юрыст Зьміцер Манюк кажа, што прасторы для юрыдычных манэўраў, каб вярнуць ранейшыя назвы цэнтральным праспэктам, досыць мала. Гэтага павінен захацець сам Лукашэнка.

(Манюк: ) “Ёсьць закон аб статусе гораду Менску. Але справа ў тым, што ў нас усе законы маюць меншую сілу, чым указ і дэкрэт. Канстытуцыя, потым ідзе указ, потым дэкрэт, а закон толькі на чацьвертым месцы. У Канстытуцыі запісаны выключны пералік пытаньняў, якія можна вырашыць толькі рэфэрэндумам. А ўсё астатняе – указам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG