Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Л. Ярмошына: "Гэта права Беларусі – далучаць да супрацоўніцтва замежныя краіны ці не"


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас свайго візыту ў краіны Эўрапейскага Зьвязу і Расею Джордж Буш назваў Беларусь апошняй дыктатурай у Эўропе. Прэзыдэнт ЗША таксама выказаў спадзяваньне, што Літва зробіць усё для таго, каб заплянаваныя на наступны год выбары ў Беларусі былі дэмакраты чнымі, і што балтыйскія краіны дапамогуць Беларусі.

У інтэрвію Літоўскаму нацыянальнаму тэлеканалу (LTV) Джордж Буш сказаў: “Перш за усё мы будзем працаваць з вамі – краінамі-суседзямі, краінамі вольнага сьвету – патрабаваць свабодных выбараў у Беларусі”.

У 2006 годзе ў Беларусі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары, у якіх трэці раз запар плянуе браць удзел дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. Гэтая падзея будзе цэнтральнай у палітычным жыцьці краіны, таму ня дзіўна, што лідэр ЗША зьвярнуў на яе ўвагу. Старшыня Цэнтральнай камісіі для правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына падкрэсьліла: яна адмоўна ставіцца да заявы амэрыканскага прэзыдэнта.

(Ярмошына: ) “Прэзыдэнту Бушу, напэўна, трэба было найперш зьвярнуцца да кіраўніцтва Беларусі ў пытаньні аб сумесным супрацоўніцтве пры правядзеньні выбараў у Беларусі. Прычым гэта права Беларусі – далучаць да супрацоўніцтва замежныя краіны альбо не. Гэта наша ўласная, унутраная, сувэрэнная справа, і спадар Буш ня можа мець да гэтага ніякага дачыненьня”.

Я нагадаю, што Лідзія Ярмошына пасьля апошняй выбарчай кампаніі трапіла ў сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі апынулася ў "чорным сьпісе", складзеным Эўразьвязам, як адказная за фальшаваньне парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году.

Лідзія Ярмошына сказала, што Цэнтральная камісія ня мае права заканадаўчай ініцыятывы. Яна толькі выконвае існуючыя законы. Выступаць з такой ініцыятывай можа парлямэнт альбо іншыя адмысловыя суб’екты. Паводле Лідзіі Ярмошынай, такая ініцыятыва не рыхтуецца, а таму ў блізкім часе заканадаўства мяняцца ня будзе. Камэнтуючы беларускае выбарчае заканадаўства, Ярмошына адзначыла:

(Ярмошына: ) “Абсалютна яно ані ня горшае, я думаю, нават лепшае за амэрыканскае”.

Перад выбарамі 2004 году дэпутацкая група “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў прапаноўвала ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства для яго паляпшэньня. Гэта было нават адным з патрабаваньняў дэпутатаў-галадоўнікаў і сяброў партыяў, якія далучыліся да той галадоўкі пратэсту.

Ірына Красоўская, адна зь лідэраў грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, нагадвае: праблема свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі згадвалася ў Рызе падчас міжнароднай канфэрэнцыі “Дэмакратыя па-за межамі Балтыі: унёсак эўраатлянтычнай супольнасьці”. Спадарыня Ірына ўдзельнічала ў гэтай канфэрэнцыі, на якой у цэнтры ўвагі была адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі. Ірына Красоўская даволі скептычна ставіцца да магчымасьці правядзеньня свабодных выбараў у цяперашняй Беларусі.

(Красоўская: ) “Я хачу згадаць словы Натана Шчаранскага, што свабодныя выбары могуць быць толькі ў свабодным грамадзтве, і паколькі Беларусь такі прыклад дыктатуры, то на свабодныя выбары цяпер разьлічваць не даводзіцца. Я абсалютна ўпэўненая, што ў 2006 годзе свабодныя выбары ня могуць адбыцца. Дзе вы бачылі свабодныя выбары ў дыктатуры? Таксама нельга зьмяніць заканадаўства, каб правесьці гэтыя свабодныя выбары, таму што ўсе тры галіны ўлады пад кантролем Лукашэнкі. Няма адкуль узяцца свабодным выбарам. Таму я не спадзяюся на свабодныя выбары, я спадзяюся толькі на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, на нейкія актыўныя дзеяньні з боку грамадзтва, якія былі б альтэрнатывай выбарам, якія адбудуцца, – несправядлівым выбарам”.

Ці трэба прыкладаць намаганьні, у тым ліку з удзелам краінаў Балтыі, каб забясьпечыць у Беларусі правядзеньне свабодных выбараў у 2006 годзе?

Пра гэта я размаўляў з Міхаілам Пліскам, сябрам Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу. Паводле спадара Міхаіла, беларускае выбарчае заканадаўства патрабуе зьменаў. Найперш патрэбны зьмены ў парадку фармаваньня выбарчых камісіяў і ў працэдуры датэрміновага галасаваньня.

(Пліска: ) “Сапраўды, калі ўжываць нашае заканадаўства ў разьвітых нейкіх краінах, сталых дэмакратычных краінах, то й з нашым заканадаўствам можна правесьці дэмакратычныя выбары. Але ж гаворка ўжо ідзе пра краіну, у якой усталяваўся аўтарытарны рэжым. Таму тут чым больш падрабязнае выбарчае заканадаўства, чым болей яно гарантуе правоў апазыцыі, тым болей шанцаў правесьці вольныя і дэмакратычныя выбары. І, безумоўна, нашае кіраўніцтва ня хоча зьмяняць нашага выбарчага заканадаўства, таму што, калі яно зьменіцца, тады апазыцыя сапраўды можа паўплываць на вынікі выбараў".
XS
SM
MD
LG