Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Быць шчырым у Беларусі можна хіба што на ўласнай кухні. І тое ня з кожным”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці гатовае беларускае грамадзтва да сур’ёзных палітычных зьменаў у сваёй краіне? Якім чынам гэтыя зьмены могуць адбыцца? Чаму ўлада ўпэненая, што ёй удасца спыніць імкненьне людзей да дэмакратычных пераўтварэньняў? На гэтыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах на “Свабоду” многія нашы слухачы. Адзін з допісаў на гэтую тэму даслаў Павал Гайдук зь Менску. Слухач піша:

“За мяжой вырашылі, што ў Беларусі насьпела рэвалюцыя. Вось і ваша радыё паведамляе пра гэта: апошнім часам многія сур’ёзныя палітыкі з розных краін зрабілі заявы, што Беларусь ня можа больш заставацца “апошняй дыктатурай Эўропы”. Але дзе вы ў Беларусі бачыце гэтую гатовасьць да рэвалюцыі? Газэты, радыё, тэлебачаньне запоўнены ўрачыстымі сьвяточнымі маршамі ды зводкамі пра пастаянны рост вытворчасьці і дабрабыту насельніцтва. Апазыцыя сядзіць як мыш пад венікам. На яе акцыі нават у Менску выходзіць ад некалькіх соцень да адной-дзьвюх тысяч чалавек.

Ну, ёсьць незадаволеныя. Але ж такія былі і пры Брэжневу. Зьбіраліся на кухнях ды скардзіліся адзін аднаму на жыцьцё: на адсутнасьць свабоды ды на дэфіцыт каўбасы і джынсаў. Сёньня ў Беларусі фактычна тое ж: шчырым можна быць хіба што на ўласнай кухні, і тое ня з кожным. А падставаў для скаргаў у параўнаньні з брэжнеўскім часам стала менш: каўбасы і джынсаў хапае. Хоць, праўда, беспрацоўе зьявілася ды бясплатнага жыльля больш не дачакаесься”.

Улада, спадар Гайдук, зрабіла ўласныя высновы з каляровых рэвалюцыяў, што адбыліся ў суседзяў (і ня толькі ў суседзяў). У Кіеве ніхто не баіцца выйсьці на Майдан і выказаць сваё стаўленьне да палітыкі ўладаў. У Менску за гэта ў лепшым выпадку можна атрымаць міліцэйскай дубінкай па галаве, у горшым — трапіць на 15 сутак у турэмную камэру ў кампанію з бамжамі; альбо страціць працу ці месца ва ўнівэрсытэце; альбо быць асуджаным на выплату астранамічнага паводле беларускіх мерак грашовага штрафу, які пазбавіць тваю сям’ю кавалка хлеба.

У Кіеве, Тбілісі і Бішкеку апазыцыя нават ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў мела шмат магчымасьцяў для легальнай дзейнасьці: у яе была парлямэнцкая трыбуна, шмат друкаваных выданьняў. Яна магла даносіць сваю пазыцыю праз шматлікія грамадзкія арганізацыі. У сёньняшняй Беларусі такіх магчымасьцяў ужо альбо зусім няма (як, напрыклад, няма апазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў), альбо яны звужаныя да мінімальнага ўзроўню (і гэты ўзровень увесь час зьніжаецца і імкнецца да нуля). І ўсё ж гэта зусім не азначае, што ў людзей задушылі імкненьне да свабоды і дэмакратыі. Улада проста з сілай зачыніла накрыўку катла, які паказваў прыкметы кіпеньня. Ці доўга ёй удасца ўтрымліваць гэтую накрыўку? І якімі могуць быць наступствы, калі утрымаць яе ня ўдасца? Гэтыя пытаньні надзвычай актуальныя для сёньняшняй Беларусі.

Адразу некалькі лістоў даслаў нам апошнім часам наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Абурае спадара Саца тое, што ўлада абвясьціла, нібы калгасы ўмацоўваюцца і ледзь не квітнеюць. Ён з гэтай нагоды піша:

“У большасьці вёсак няма ўжо каму тыя калгасы ўмацоўваць — адны пазьяжджалі, другія пастарэлі, а трэція сьпіліся. Калі трактарыстаў і шафёраў так-сяк знайсьці можна, дык простых паляводаў проста няма. А каму палоць тыя буракі, пасьвіць быдла, працаваць на зернетаку? Клічуць пэнсіянэраў — а якія зь іх работнікі? Хварэюць, стамляюцца… А астатнія вясковыя жыхары — у асноўным п’яніцы, а то і алькаголікі. Ім бы толькі выпіць. З такімі далёка не заедзеш. Прытым, п’юць амаль усе — і шафёры, і трактарысты, і рабочыя. Калгасы цяпер называюць на новы лад: СПК, гэта значыць па-расейску “сельскохозяйственный производственный кооператив”. А народ расшыфроўвае па-іншаму: “скора памруць калгасы” — вось вам і СПК. Да таго ідзе, бо амаль усе яны на ладан дыхаюць”.

Напэўна, спадар Сац, вы ўсё ж перабольшваеце. Ёсьць жа ў кожным раёне і ўзорна-паказальныя калгасы, дзе і людзей нібыта хапае, і новую тэхніку купляюць, і гаспадарку някепска вядуць. Але такіх — меншасьць. А прыкладна ў паловы справы ідуць менавіта так, як вы апісалі ў сваім лісьце. Улада гэта бачыць, разумее, што ўсё можа скончыцца поўным заняпадам калгаснай сыстэмы. А выйсьце прапануе такое ж, як прапаноўвала Палітбюро ЦК КПСС у 1980 годзе: памятаеце славутую брэжнеўскую Харчовую праграму? Сэнс яе быў у тым, каб любымі спосабамі прывязаць чалавека да калгасу, утрымаць у вёсцы. Гэтак жа спрабуюць людзей утрымаць і цяпер. У прыватнасьці, ёсьць жорсткае патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі аб будаўніцтве ў кожным калгасе жыльля за кошт бюджэту. І такое жыльлё, сапраўды, будуюць, выдаткоўваючы на гэта немалыя дзяржаўныя грошы. І вельмі зьдзіўляюцца, што ў шэрагу выпадку на новыя дамы няма ахвотнікаў-навасёлаў. Хоць чаму зьдзіўляцца, калі заробку ў тым калгасе не хапае нават на тое, каб аплаціць камунальныя паслугі?

Настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” зьвяртаецца да праблемы закрытага два гады таму ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — адзінай у краіне цалкам беларускамоўнай навучальнай установы. З нагоды ліквідацыі ліцэю было шмат пратэстаў, але слухач лічыць, што гэтага недастаткова. Ён піша:

“Вельмі хацелася б, каб справа не абмежавалася спачуваньнямі, каб нарэшце былі ўжытыя дзейсныя практычныя меры, накіраваныя на вырашэньне гэтай вельмі важнай для будучыні Беларусі праблемы. Ці ж не парадокс: на Беларусі ў зародку, пад корань вынішчаецца ўсё беларускае: і мова, і асьвета, і культура, і гістарычная сымболіка. Нягледзячы на неймаверны прэсінг уладаў, ліцэй усё ж працягвае сваю дзейнасьць нават у невыносных умовах. Парасткі маладой беларускай дэмакратыі настолькі жывучыя, што прабіваюцца нават праз аўтарытарны асфальт.

А ці не маглі б урады дэмакратычных краінаў, розныя дабрачынныя фонды, дыяспара, а таксама неабыякавыя грамадзяне Беларусі сабраць грошы ды набыць ліцэю будынак за межамі Беларусі — напрыклад, у Беластоку, Вільні ці ў якім-небудзь іншым месцы. Зь міру па нітцы — і голы ў сьвітцы. А для беларускай нацыі гэта стала б першай ластаўкай, стымулам да пераменаў, канкрэтным, сапраўды дзейсным крокам у справе дэмакратызацыі Беларусі”.

Настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі таксама выказаў гатовасьць у выпадку, калі гэтая ініцыятыва будзе прызнана слушнай ды знойдзе падтрымку сярод грамадзкасьці, пералічыць на новы будынак ліцэю сваю месячную пэнсію — 200 тысяч беларускіх рублёў. Вялікі дзякуй вам, Алесь Іванавіч, што так блізка да сэрца бераце чужыя беды і цяжкасьці. Беларускі ліцэй, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і адсутнасьць пастаяннага памяшканьня, дзейнічае, і дзейнічае ў Беларусі, у Менску. Намеру падавацца ў эміграцыю ў ліцэістаў няма — так што ідэя пра будынак за мяжой пакуль не актуальная. А ўвогуле, Алесь Іванавіч, думаю, мы з вамі яшчэ станем сьведкамі таго, як ліцэй вернецца ў свой стары будынак у цэнтры Менску.

Ліст ад Івана Скуцэні зь вёскі Працавічы Слуцкага раёну. Разам зь лістом слухач даслаў матэрыялы судовай цяжбы за кватэру ў Салігорску. Спрэчку вядуць сын Івана Сямёнавіча Мікалай і былая жонка Мікалая з дачкой. Гісторыя, увогуле, банальная: сям’я распалася, жонка, забраўшы дачку, вымушаная была зьехаць з кватэры. Але на нерухомасьць прэтэндуе. Іван Сямёнавіч лічыць, што прэтэндуе незаконна, бо кватэру ў свой час атрымліваў ён з жонкай (ужо нябожчыцай). Між тым, суды (і раённы, і абласны) сталі на бок маладой маці і прызналі яе права на частку кватэры. Іван Скуцэня лічыць, што яго і сына пакрыўдзілі. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Я шэсьць разоў зьвяртаўся з пратэстам да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — ніякага выніку. Ён толькі па тэлевізары гаворыць прыгожыя словы пра справядлівасьць ды клопат аб простых людзях. Хто абяцаў калёным жалезам выпальваць кумаўство? Хто казаў, што дзяржаўны чыноўнік павінен быць крыштальна чыстым? Хто даваў указаньне пракуратуры ўзмацніць нагляд за выкананьнем законаў? Ён, Лукашэнка. А ў сапраўднасьці праўды нідзе не даб’есься. Вакол адны жулікі, і яны што хочуць, тое і робяць. Але настане час — скончыцца гэты падман”.

Вядома, спадар Скуцэня, непрыемна ўсьведамляць, што суд стаў не на ваш бок, што ўласнасьцю давядзецца дзяліцца з чалавекам, якога вы лічыце ўжо чужым. Гэта вельмі тыповая сытуацыя для Беларусі, дзе распадаецца кожны другі шлюб. І такое ж тыповае рашэньне суду, які ня дужа паглыбляецца ў гісторыю набыцьця ўласнасьці, а проста дзеліць яе паміж былымі мужам і жонкай. Падобных канфліктаў можна было б пазьбегнуць, калі б маладыя, уступаючы ў шлюб, падпісвалі шлюбны кантракт, дзе загадзя агаворваліся б умовы магчымага разводу. Такая практыка распаўсюджаная на Захадзе. Апошнім часам пераймаюць яе і ў Беларусі.

Што да вашага выпадку, то ня толькі ж былой вашай нявестцы дастанецца доля гэтай кватэры, але і сямігадовай унучцы, якая, калі меркаваць па матэрыялах справы, туляецца з маці па чужых кутках. І ўжо дзеля аднаго гэтага, магчыма, варта зьмірыцца з судовым рашэньнем.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Валянцін Жданко, Менск
XS
SM
MD
LG