Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі Беларусі зацьвердзіла парадак рэгістрацыі шлюбу на беларускай мове


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства юстыцыі Беларусі зацьвердзіла парадак рэгістрацыі шлюбу на беларускай мове, а таксама ўнесла зьмены ў рэгістрацыю наварожданых. У Таварыстве беларускай мовы лічаць, што ня ўсе з гэтых новаўвядзеньняў мінюсту адпавядаюць правам грамадзянаў.

У рэестар прававых актаў Беларусі ўнесеная новая інструкцыя міністэрства юстыцыі аб парадку запісаў актаў грамадзянскага стану. У тым ліку зьмены тычацца сытуацыі, калі рэгістрацыя шлюбу праходзіць па-беларуску. У новай інструкцыі прапісана, як яе праводзіць, што рабіць і што казаць. Паводле кіраўніка прэсавай службы мінюсту Тацяны Бондар з’яўленьне рэглямэнтуючага дакумэнту цалкам натуральная з’ява:

(Бондар : ) “А чаму не ? Гэта проста юрыдычна замацавала становішча, якое ужо склалася. У нас дзьве дзяржаўныя мовы, гэта нармалёвая сытуацыя.”

Ці сапраўды супрацоўнікам загсаў патрэбная інструкцыя на выпадак беларускамоўнай рэгістрацыі шлюбу?

Летась Юнэлі Сальнікавай і Віталю Крупеньку у Савецкім загсе Гомеля спачатку адмовілі ў рэгістрацыі шлюбу па-беларуску. Паводле Юнэлі Сальнікавай, загадчыца загсу сказала ёй, што працуе на пасадзе 17 гадоў, але ніколі ніхто не патрабаваў беларускамоўнай рэгістрацыі. Але маладыя настойвалі і ў выніку чыноўніцы давялося перавучыцца ды правесьці рэгістрацыю па-беларуску. Праўда, задаволены былі ня ўсе.

(Сальнікава : ) “З горам напалову яна гэта зрабіла, але атрымалася ў яе ня вельмі. Хацелася б, каб была хоць ўсьмешка, каб гучала мова добрая, мілагучная, каб былі абрады, якія робяць калярытнымі такія важныя падзеі ў жыцьці”.

І ўсё ж з большага Юнэля Сальнікава пагаджаецца, што інструкцыя для рэгістрацыі шлюбу па-беларуску патрэбная, бо не дазволіць чыноўнікам адхіліцца ад такой працэдуры і дапаможа маладым у адстойваньні іх правоў. Паводле маладой жанчыны, ужо з’явілася мода на рэгістрацыю шлюбу па-беларуску. Яе беларускамоўны шлюб аказаўся ўдалым, у Юнэлі і Віталя ўжо падрастае дачка.

Між тым скарэктаваная мінюстам інструкцыя аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану прадугледжвае і такія новаўвядзеньні, якія некаторым падаюцца спрэчнымі. У прыватнасьці, цяпер бацькам пры рэгістрацыі імені нованароджанага трэба будзе папярэдне напісаць заяву, калі такога імені няма ў адмысловым даведніку асабістых імён. Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў лічыць , што гэтае новаўвядзеньне парушае правы бацькоў.

(Кручкоў : ) “Нашыя загсы карыстаюцца даведнікамі нейкіх 50-ых гадоў, нават былі выпадкі, калі спасылаліся на іменньнік праваслаўных імён і калі людзі хацелі назваць дзіця па-беларуску, а ім казалі, што такога імя няма. Лічу, гэтая рэглямэнтацыя вельмі няправільная. Як гэта бацькі павінны папярэджваць, што яны зьбіраюцца гэтак назваць дзіця? Хочуць назваць Алесь, Верас, Адам і гэтак далей – іх справа.”
XS
SM
MD
LG