Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія грэка-каталікі правялі памінальнае набажэнства да 40 дзён з дня сьмерці Яна Паўла ІІ


Галіна Абакунчык, Менск 11 траўня ў Баранавічах адбылося ўрачыстае набажэнства сьвятароў і вернікаў грэка-каталіцкай царквы Беларусі. Гэта першая агульная сустрэча беларускіх уніятаў пасьля абраньня новага кіраўніка Ватыкану. Яна была прысьвечаная саракавінам сьмерці Яна Паўла ІІ, а таксама Дню сьвятых Кірылы й Мятода.

Агульнае набажэнства беларускіх грэка-каталікоў адбылося зь ініцыятывы баранавіцкай парафіі Кірылы й Мятода. Акрамя малітоўнага шанаваньня памяці памерлага Яна Паўла ІІ, уніяты маліліся за новаабранага пантыфіка Бэнэдыкта XVІ, а таксама адзначылі сьвята Кірылы й Мятода, якое прыпадае на 11 траўня. Вось што паведаміў у інтэрв”ю Свабодзе прадстаўнік сакратарыяту апостальскага візытатара Яўген Андросік.

(Андросік:) “Гэта ўспамін Яна Паўла ІІ на сорак дзён, і за новага пантыфіка молімся, бо яго абралі папам на дзень сьвятога Мэтода толькі па юльянскім календары. У дадатак да ўсяго, сьвяты Бэнэдыкт, а таксама сьвяты Кірыл і Мэтод – гэта тры апекуны Эўропы.”

Памінальнае набажэнства адбылося ў каталіцкай капліцы, якая месьціцца ў будынку Катэхетычнага каледжу ў Баранавічах. А ўдзел у ім прынялі сьвятары грэка-каталіцкай царквы, прадстаўнікі папскай нунцыятуры ў Беларусі, вернікі, а таксама беларускія сэмінарысты ўніяцкіх навучальных установаў у замежжы. Паводле спадара Андросіка, гэтая сустрэча сталася значнай падзеяй для ўсёй беларускай уніяцкай царквы.

(Андросік:) “Гэтая падзея дапамагае пабачыць сьвятарам, сэмінарыстам і вернікам, што мы зьяўляемся нашчадкамі традыцыяў Кірылы й Мятода, папы Яна Паўла ІІ, што мы зьяўляемся беларусамі. Тутака таксама гучыць, каб памяталі сваю беларускую культуру. І гэта дапамагае падумаць пра лёс нашай краіны ў цэлым.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG