Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар “Песьняроў” Вячаслаў Шарапаў: “Дойдзе да таго, што Скаражонка зробяць “вязьнем сумленьня”.


Ігар Карней, Менск Сёньня на некаторых інтэрнэт-сайтах зьвілася інфармацыя пра арышт саліста ансамблю “Песьняры” Валерыя Скаражонка. Спасылаючыся на кампэтэнтныя крыніцы, сьцьвярджалася, што Скаражонак затрыманы за “буйныя фінансавыя растраты”. У “Песьнярах” падобную інфармацыю называюць лухтой, а былыя ўдзельнікі ансамблю кажуць, што падставы да падобных размоваў ёсьць насамрэч.

Сам Валерый Скаражонак на тэлефанаваньні не адказваў. Аднак дырэктар ансамблю “Песьняры” Вячаслаў Шарапаў на просьбу пракамэнтаваць публікацыі, у якіх гаворыцца пра затрыманьне Скаражонка, адказаў так.

(Шарапаў: ) “Няпраўда, канечне. Разумееце, ён перайшоў у салісты, дык цяпер розныя інсінуацыі пайшлі, чаго толькі не напрыдумваюць. Хтосьці проста запускае такую ерунду. Хоць бы яны ўжо не зрабілі яго вязьнем сумленьня. А то яшчэ і такое прыдумаюць”.

Валерый Скаражонак ў складзе “Песьняроў” зьявіўся адным з апошніх. Аднак пасьля сьмерці кіраўніка ансамблю Ўладзімера Мулявіна на загад Міністэрства культуры нечакана для многіх менавіта Скаражонак быў прызначаны дырэктарам калектыву. Гэта спрычынілася да гучнага зыходу з ансамблю цэлага шэрагу музыкаў, у выніку чаго склад “Песьняроў” быў цалкам абноўлены. Аднак зусім нядаўна Скаражонак абвясьціў пра тое, што не спраўляецца з тэхнічнай пасадай, ня мае часу на творчасьць, і на загад таго ж Міністэрства культуры быў пераведзены ў салісты. Месца дырэктара заняў Вячаслаў Шарапаў. Тым часам лідэр гурту “Беларускія песьняры” Уладзіслаў Місевіч лічыць, што зыход Скаражонка з дырэктарскай пасады не выпадковы. Паводле Місевіча, Скаражонак насамрэч адзначыўся на глебе фінансавых злоўжываньняў. Уладзіслаў Місевіч перакананы, што арышту Скаражонка перашкаджае магутнае лобі “на самым версе”.

(Місевіч:) “Дакладна ведаю, што менавіта за гэта ён быў звольнены з пасады дырэктара і справа была перададзеная на расьсьледаваньне. Таксама ведаю, хто яго лабіраваў, каб выратаваць. І ня толькі яго ўратаваць, але і сваю рэпутацыю – маю на ўвазе тых, хто яго ў “Песьняры” прызначаў. Пэўна, вы здагадваецеся, хто гэта. Я ведаю, што кампэтэнтныя органы настойвалі на сьледстве, але іх стрымлівалі. Але, зноў жа, ведаю: той, хто раскручвае гэтую справу, гэта ўсё так не пакінуў. Чакалі моманту. І калі гэта здарылася, то, прынамсі, гэта магло было здарыцца”.

(Карэспандэнт: ) “Фінансавыя растраты” маглі быць?”.

(Місевіч: ) “Не “маглі”, а былі. Я меў размову са спэцыялістамі, якія блізкія да гэтых колаў, з тымі, хто ўсім гэтым займаўся”.

Факт магчымага затрыманьня саліста ансамблю “Песьняры” Валерыя Скаражонка сёньня ў сілавых ведамствах не пацьвердзілі. Толькі зазначылі, што адпаведную інфармацыю можна будзе спраўдзіць у заўтрашніх ведамасных паведамленьнях.
XS
SM
MD
LG