Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўганістане беспарадкі ў сувязі з паведамленьнямі пра апаганьваньне Карану


Юрый Дракахруст, Прага У аўганскім горадзе Джэлалабадзе ўчора пачаліся беспарадкі. Прычынай выступаў стала паведамленьне амэрыканскага часопісу Newsweek пра тое, што амэрыканскія сьледчыя на базе Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца палонныя талібы, пры допытах апаганьваюць Каран – сьвятую кнігу мусульманаў. Учора аўганская паліцыя адкрыла агонь па ўдзельнікам пратэстаў, ня менш як чацьвёра забітыя, каля 50 чалавек параненыя.

“Сьмерць Амэрыцы! Сьмерць Бушу! Слава змагарам за веру!” - крычалі ўдзельнікі акцыяў пратэсту ў Джэлалабадзе. Каля двух тысячаў студэнтаў пераварочвалі машыны, грамілі крамы, падпальвалі ўрадавыя будынкі, закідвалі камянямі прадстаўніцтвы ААН і гуманітарных арганізацыяў. Паліцыя, падтрыманая амэрыканскімі войскамі, адкрыла агонь, ня менш як чацьвёра загінулі.

Штуршком да беспарадкаў стала паведамленьне часопісу Newsweek, паводле якога амэрыканскія сьледчыя ў Гуантанама падчас допытаў палонных талібаў клалі Каран ў прыбіральню і нават спускалі старонкі сьвятой для мусульманаў кнігу ва ўнітаз. У турме ў Гуантанама знаходзіцца каля 500 вязьняў – талібаў і Аль-кайдаўцаў. Гаворыць студэнт джэлалабацкага ўнівэрсытэту Ахмад Галь.

(Галь: ) “Мы ня можам зьмірыцца з гэтым амэрыканскім актам зьнявагі Карану, выкіданьнем нашай сьвятой кнігі ў прыбіральню. Усяму мусульманскаму сьвету ясна, што Амэрыка зьневажае нашую рэлігію. Мы ня можам больш гэтага дапускаць”.

Пратэсты ў Афганістане працягваліся і сёньня. Распавядае дырэктар афганскай службы нашага радыё Аляксандр Лукашук.

(Лукашук: ) “Пратэсты яшчэ працягваюцца, яны нават пашыраюцца. Яны адбыліся сёньня ў Джэлалабадзе, але мы атрымліваем паведамленьні і з суседніх правінцыяў і гарадоў. У гэтых іншых мясьцінах пратэсты пакуль маюць мірны характар і ня вельмі шматлюдныя. Самы шматлюдны сапраўды быў у Джэлалабадзе, калі пачалі гарэць будынкі, аўганская паліцыя і войскі міжнароднай кааліцыі ўжылі сілу і 4 чалавекі былі забітыя”.

“Глыбокую занепакоенасьць” паведамленьнем Newsweek выказалі ўлады Пакістану – ключавога саюзьніка ЗША ў рэгіёне ў змаганьні з тэрарызмам.

Аўганскі прэзыдэнт Гамід Карзай, які зараз знаходзіцца з візітам ў штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі, пракамэнтаваў падзеі ў Джэлалабадзе наступным чынам:

(Карзай: ) “Гэта не антыамэрыканскія пачуцьці. Гэта пратэст, выкліканы паведамленьнямі пра меркаванае апаганьваньне Карану ў Гуантанама. Гэта таксама праява дэмакратыі. Аўганістан зараз дэмакратычная краіна. Людзі могуць выйсьці на вуліцу, дэманстраваць і выказваць сваё меркаваньне”.

Прадстаўнікі амэрыканскага міністэрства абароны адмаўляюцца адказваць на пытаньне, ці сапраўды сьледчыя ў Гуантанама апаганьвалі Каран. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Том Кэйсі гаворыць, што будзе праведзенае дакладнае дасьледаваньне гэтых абвінавачваньняў.

(Кэйсі: ) Гэтыя абвінавачваньні вельмі сур’ёзныя і яны павінныя быць дасьледаваныя. Я ведаю амэрыканскія войскі, у іх любыя формы парушэньня рэлігійных правоў затрыманых дасьледуюцца вельмі сур’ёзна. Відавочна, што апаганьваньне любой сьвятой кнігі – Бібліі, Карану ці іншай такога ж кшталту – з’яўляецца недапушчальнай і не адпавядае амэрыканскай палітыцы”.

Наколькі верагодныя паведамленьні Newsweek пра паводзіны амэрыканскіх сьледчых? Ці пасьля выкрываньняў зьдзекаў зь зьняволеных у ірацкай турме Абу-Грэйб шмат хто схільны верыць любым абвінавачваньняў на адрас амэрыканскіх вайскоўцаў?

Адказвае Аляксандр Лукашук:

(Лукашук: ) “Трэба сказаць, што так званая "мусульманская вуліца" ці "іслямская вуліца" схільная верыць любым чуткам і распаўсюджваць іх з хуткасьцю ляснога пажару. Я мяркую, што тыя, хто вышлі на вуліцу, ні сэкунды не сумняваюцца ў тым, што гэта праўда. Паводле дзярждэпартамэнту ЗША, часопіс Newsweek - гэта адзіная крыніца, якая паведаміла пра выпадкі сьвятатацтва.

Сёньня мы мелі інтэрвію са Старшынём Вярхоўнага суду Аўганістану, які адначасна зьяўляецца прадстаўніком і рэлігійнай ўлады. Ён адмыслова падкрэсьліў, што фактычна няма дакладных доказаў таго, што сьвятатацтва насамрэч адбылося. Аднак і абвінавачваньняў аказалася дастаткова, каб частка насельніцтва, асабліва рэлігійна актыўная частка, абурылася і людзі з гэтай прычыны выйшлі на вуліцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG