Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі паабяцаў Лябедзьку дапамагаць дэмакратыі ў Беларусі<b/>


Алесь Дашчынскі, Менск Афіцыйная Грузія гатова дапамагаць дэмакратыі ў Беларусі Падчас размовы з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абмеркаваў некалькі стратэгічных кірункаў: стварэньне вялікай дэмакратычнай кааліцыі ў справе Беларусі, магчымая супраца дэмакратычных сілаў абедзьвюх краін і тое, як прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да сытуацыі ў Беларусі.

Паводле Анатоля Лябедзькі, які сустрэўся ў Тбілісі ня толькі з прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі, але і з прэм’ер-міністрам Зурабам Нагаідэлі, і старшынёй парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, кіраўнікі выканаўчай і заканадаўчай уладаў Грузіі вельмі пазытыўна і зацікаўлена ставяцца да беларускай праблематыкі. Чым жа канкрэтна можа дапамагчы Грузія беларускай дэмакратыі?

(Лябедзька: ) “У Грузіі неблагі міжнародны імідж, таму і Саакашвілі, і Бурджанадзэ, і прэм’ер-міністар могуць гаварыць слова — і яно можа быць пачутае і ў міжнародных парлямэнцкіх структурах, і ў структурах выканаўчай улады, і на ўзроўні кіраўнікоў краін. Па другое, Грузія разам з Украінай сёньня зьяўляюцца заканадаўцамі палітычнай моды на постсавецкай прасторы. Бурджанадзэ і Саакашвілі абсалютна пагаджаюцца, што цяпер якасна новая сытуацыя на постсавецкай прасторы, і яе трэба выкарыстоўваць”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, грузінскія афіцыйныя асобы зацікаўленыя ў стварэньні міжнароднай кааліцыі, якая будзе дапамагаць дэмакратыі ў Беларусі. Яны абяцалі ўзьняць гэтае пытаньне ў Літве і ў Польшчы на ўзроўні структураў дзяржаўнай улады. У гэтай кааліцыі мусяць быць ня толькі краіны постсавецкай прасторы, але і краіны Эўразьвязу, найперш Польшча, Літва і Латвія.

Дэмакратычныя сілы Грузіі і Беларусі неўзабаве падпішуць пагадненьні на міжпартыйным узроўні, а таксама будзе створаная дэпутацкая група ў грузінскім парлямэнце. Падобная група ўжо ёсьць, да прыкладу, у літоўскім парлямэнце.

(Лябедзька: ) “У літоўскую групу ўваходзяць літоўскія парлямэнтары, і яны будуць рэалізоўваць магчымыя праекты, праграмы супрацоўніцтва паміж Літвой і суб’ектамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. А грузінскі парлямэнт наўпрост будзе працаваць з суб’ектамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Тут якраз усё вельмі лягічна, і я думаю, што наша мэта цяпер — стварэньне такіх групаў па супрацы з дэмакратычнай супольнасьцю ў Беларусі ва ўсіх парлямэнтах, ва ўсіх краінах, якія праяўляюць зацікаўленасьць да сытуацыі ў Беларусі”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, супрацоўніцтва Грузіі і дэмакратычнай супольнасьці Беларусі разглядаецца найперш у палітычным аспэкце. А што да нейкіх фінансавых рэсурсаў, то наўрад ці Грузія падыходзіць для такой місіі. А вось падымаць беларускае пытаньне, апэратыўна рэагаваць на сытуацыю з правамі чалавека, дзяліцца сваім досьведам — гэта цалкам рэальна.
XS
SM
MD
LG