Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомелі не задаволіў патрабаваньняў прызнаць незаконнай забарону гарвыканкаму на мітынг


Казімер Яноўскі, Гомель Суд у Гомелі не задаволіў патрабаваньняў дэпутата гарсавету Юрыя Глушакова, а таксама М.Багдановіч і Д.Шкрабава прызнаць незаконнай забарону гарвыканкаму на мітынг

Спачатку выканкам дазволіў, а потым забараніў правядзеньне мітынгу супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, увядзеньня прымусовых кантрактаў. Спаслаўся на тое, што арганізатары парушылі закон пра масавыя мерапрыемствы — расклеілі ў горадзе абвесткі пра мітынг яшчэ да атрыманьня дазволу. Абвесткі да таго ж нібыта не адпавядалі замоўленай мэце мітынгу і выпушчаны былі з парушэньнем закону пра друк ды іншыя сродкі масавай інфармацыі. І нарэшце, выканкам, забараняючы мітынг, быццам бы дбаў пра абарону здароўя гараджанаў, бо ў горадзе ў той час была абвешчана эпідэмія грыпу.

Судзьдзя Віктар Казачок у сваім рашэньні па сутнасьці паўтарыў матывы гарвыканкаму на забарону мітынгу.

Наконт адмовы судзьдзі прызнаць забарону гарвыканкаму на мітынг беспадстаўнай пазоўца Марыя Багдановіч сказала нашаму радыё:

(Багдановіч: ) “Гэтае рашэньне несправядлівае. Тут усе аргумэнты былі прыцягнуты за вушы. Улады шукаюць усе магчымыя сродкі, каб не дазволіць грамадзянам зрабіць масавую акцыю. Яны баяцца сваіх грамадзянаў, баяцца іх думкі. Вельмі горка ўсьведамляць, што судовая ўлада, якая павінна быць незалежнай, яна цалкам становіцца на бок выканаўчай улады. І нават тады, калі пазыцыя апанэнтаў больш моцная”.

Юрыст рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Аляксандар Лашук, які назіраў за судовым працэсам, лічыць рашэньне суду неабгрунтаваным:

(Лашук: ) “Матывацыі ў суду няма ніякай. Ніхто не ўстанавіў факту парушэньня закону з боку арганізатараў мітынгу. Па-другое, санэпідэмстанцыя сапраўды прымала пастанову наконт грыпу, але ніводнае мерапрыемства ў той час не было адменена. Відавочна, што ніякіх прававых абгрунтаваньняў не дазваляць мітынг гарвыканкам ня меў. А гэта азначае, што і цяперашняе рашэньне суду ня мае пад сабою ніякіх юрыдычных падставаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG