Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі вывучае выказваньні Міхаіла Саакашвілі на беларускую тэму


Валер Каліноўскі, Менск Афіцыйная рэакцыя беларускіх уладаў на апошнія вострыя выказваньні кіраўнікоў краінаў Балтыі і ЗША на беларускую тэматыку выклікалі рэзкую рэакцыю афіцыйнага Менску. Ня менш вострыя заявы прэзыдэнта Грузіі пакуль вывучаюцца ў МЗС Беларусі.

У МЗС Беларусі пакуль не камэнтуюць нядаўніх выказваньняў грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, які назваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі “анамаліяй у сэрцы Эўропы”, заклікаў правесьці новую Ялцінскую канфэрэнцыю для далейшага распаўсюджваньня свабоды і ўзмацніць ціск на беларускія ўлады ды падтрымку беларускай апазыцыі.

Намесьнік кіраўніка інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Руслан Есін гэтак сказаў пра заявы Міхаіла Саакашвілі:

(Есін: ) “Пакуль мы вывучаем ягоныя выказваньні”.

Разам з тым, Руслан Есін зазначыў, што рэакцыя беларускіх уладаў на заявы кіраўнікоў краінаў Балтыі і ЗША была “дакладнай і канкрэтнай”, з гэтай нагоды была прынятая адмысловая заява МЗС Беларусі. У ёй выказваецца занепакоенасьць выказваньнямі прэзыдэнтаў ЗША і краінаў Балтыі ў адносінах да Беларусі, якія “супярэчаць міжнародным прынцыпам, прадэкляраваным у статуце ААН і дакумэнтах АБСЭ.” Паводле МЗС Беларусі, “прыбалтыйскія дзяржавы становяцца на небясьпечны шлях ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі, што можа прывесьці да напружанасьці ў рэгіёне”. МЗС Беларусі назваў пазыцыю краінаў Балтыі і ЗША “насаджэньнем дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі з чорнага ходу”, ды заявіў, што Беларусь будзе самастойна вызначаць шляхі свайго дэмакратычнага разьвіцьця.

Пазыцыя кіраўніцтва ЗША, краінаў Балтыі і Грузіі адносна Беларусі надзвычай сур’ёзная, лічыць былы беларускі дыплямат Аляксандар Рухля, адзін з каардынатараў грамадзкага руху “Воля народу”. Аднак, на ягоную думку, беларускія ўлады ня здольныя адэкватна адрэагаваць на яе:

(Рухля: ) “Улада гэта ня будзе ўспрымаць, і будзе весьці сваю палітыку далей. Таму я думаю, што ніяк паўплываць на Беларусь гэтыя заявы Джорджа Буша ня змогуць — з пункту гледжаньня ўлады”.

Спадар Рухля кажа, што беларускія ўлады ўжо неаднаразова дэманстравалі сваю няздольнасьць адэкватна ацаніць і адрэагаваць на пазыцыю міжнароднай супольнасьці, пачынаючы яшчэ са скандалу з высяленьнем дыпляматаў з Драздоў. Аднак для беларускага грамадзтва пазыцыя ЗША і іх новых эўрапейскіх партнэраў у справе дэмакратызацыі Беларусі — аптымістычны сыгнал:

(Рухля: ) “Мне дык, напрыклад, прыемна, што нас не пакідаюць без увагі, што, на Захадзе (і ў Амэрыцы, у прыватнасьці) клапоцяцца аб тым, каб у Беларусі разьвівалася дэмакратыя”.
XS
SM
MD
LG