Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца ў Полацку, на радзіме Скарыны, да перайменаваньняў у Менску?


Вінцэсь Мудроў, Полацак Перайменаваньне цэнтральных менскіх праспэктаў і вуліц усхвалявала ня толькі менчукоў, але і жыхароў правінцыі. Так, сёньня на Полаччыне распачаўся збор подпісаў пад лістом прадстаўнікоў тамтэйшай інтэлігенцыі, якія пратэстуюць супраць, як сказана ў лісьце, “безаглядных тапанімістычных пэртурбацыяў”. Пра нэгатыўнае стаўленьне палачанаў да падобных захадаў сьведчыць і апытаньне мінакоў на полацкіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Лічу, што гэта жах нейкі. У мяне папросту няма словаў… Колькі марнуецца народных грошай на нікому не патрэбныя мерапрыемствы!”

(Спадарыня: ) “Ад нас нічога не залежыць. Што скажа прэзыдэнт, так яно і будзе”.

(Спадар: ) “Пераназоў праспэкту Скарыны — гэта ілюстрацыя стаўленьня дзяржавы да беларускай культуры, мовы і гэтак далей. І самае крыўднае, што на Дзень Перамогі ў ліку “пацярпелых” апынуўся ня толькі Скарына, але і Машэраў. Сытуацыя выходзіць за рамкі здаровага сэнсу”.

(Спадарыня: ) “Што там Незалежнасьць! Як яна ішла, так няхай і ідзе. Хай будзе Скарыны!”

(Спадарычна: ) “У нас у Полацку цэнтральныя вуліцы носяць імёны Сака і Ванцэці, Войкава, Сьвярдлова. Колькі разоў зьвярталіся да ўладаў, каб вярнуць вуліцам старыя назвы, адказ адзін: няма грошай. У Менску, як відаць, грошы няма куды падзець”.

(Спадар: ) “У 1991 годзе Ленінскі праспэкт вельмі ўдала перайменавалі ў Скарыны. Навошта зноў вынаходзіць нейкія новыя назвы? За гэты час людзі ўжо прызвычаіліся да новай назвы, тым больш, што названы праспэкт у гонар славутага беларуса, можна сказаць, беларуса №1. І прыдумляць нейкую новую назву — усё гэта не ўкладаецца ў галаве”.

(Спадар: ) “Калі людзям гэта падабаецца, няхай пераназываюць. Аднак цэнтральнаму праспэкту сталіцы больш пасуе імя Скарыны”.

(Спадар: ) “Менск заснавалі полацкія князі, і вось Менск аддзячыў: вынес імя палачаніна на гарадзкія задворкі. Непрыгожа атрымалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG