Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачынаецца збор подпісаў супраць перайменаваньня вуліцаў


Любоў Лунёва, Менск “Малады фронт” ініцыяваў збор подпісаў з патрабаваньнем адмяніць перайменаваньне праспэктаў і вуліцаў Менску. Ініцыятыву падтрымалі сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, у склад якой уваходзяць “Малады фронт”, сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”, жаночая партыя “Надзея”, аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, моладзевыя жаночыя і прафсаюзныя арганізацыі. Сябры арганізацыі заклікаюць жыхароў Менску байкатаваць працэс перайменаваньня.

Сябры “Маладога фронту” надрукавалі падпісныя аркушы, зь якімі зьбіраюцца пайсьці па кватэрах і па менскіх вуліцах. Намесьнік лідэра “Маладога фронту” Сяржук Лісічонак паведаміў Радыё Свабода:

(Лісічонак: ) “Мы супраць таго, каб улады так проста перакройвалі беларускую тапаніміку. Тую тапаніміку, якая адметная і адрозьнівае нас ад расейскіх губэрнскіх гарадоў. У нас шмат саветызмаў, якія Лукашэнку падабаюцца, але не падабаюцца героі беларускай гісторыі. Да таго ж ёсьць і важны чыньнік — эканамічны”.

Сябры “Эўрапейскай кааліцыі” заклікаюць менчукоў байкатаваць працэс перайменаваньня. Гэта значыць, не мяняць дакумэнтаў, шыльдаў, пячатак і штампаў. Цягам тыдня надрукаваны зварот пройдзе па кватэрах тых жыхароў, якія жывуць на перайменаваных вуліцах. Моладзь спадзяецца, што акцыя набудзе шырокі маштаб.

Маладафронтаўцы таксама паведамілі, што заплянавалі шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных дзясятай гадавіне рэфэрэндуму.

(Лісічонак: ) “Па ўсёй краіне пройдзе кампанія “Горад наш!”. У гарадах будуць лунаць забароненыя бел-чырвона-белыя сьцягі — у Горадні, Віцебску, Воршы, Берасьці… Тысячы беларускіх грамадзянаў змогуць зноў пераканацца, што беларуская нацыянальная ідэя, беларускі патрыятызм яшчэ жывуць у гэтай краіне. Натуральна, эпіцэнтар падзеяў будзе ў Менску. Плянуецца, што адбудзецца вулічная імпрэза. Так што, хай спадарства міліцыянты рыхтуюцца, мы не здаемся”.

Аналягічныя акцыі заплянавана таксама правесьці ў эўрапейскіх сталіцах, дзе вучацца беларускія студэнты.
XS
SM
MD
LG