Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 11 траўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск

“Крыніца”, 1925 год. З мастацкай сэкцыі Інбелкульту:

“Распачата праца наконт палепшаньня пастановак у Беларускім Дзяржаўным Тэатры з мастацкага боку і з боку мовы. Зроблены захады да зьбіраньня, вывучэньня і гарманізацыі беларускай песьні. Паложан пачатак сталай камісіі па апрацоўцы беларускай мелодыі для інструкцыйнага выкананьня. Паступіла на разгляд у тэрміналогічную камісію музычная тэрміналогія, апрацаваная Дрэйзіным. Падсекцыя вобразных мастацтваў апрацавала план дзейнасьці. Зараз ею зроблены захады да напісаньня партрэтаў Ф.Скарыны, гэтага выдатнага беларускага культурніка XVI веку”.

“Звязда”, 1935 год. Удзельнікі сьвяткаваньня Дня друку ў Менску пішуць Іосіфу Сталіну:

“Магутным рэвалюцыйным набатам прагучэў твой новы лозунг “Кадры вырашаюць усё”. У ім з выключнай глыбінёй і яркасцю раскрываюцца тыя любоўныя, сапраўдна-гуманныя адносіны да чалавека, той пышны росквіт чалавечых здольнасцей, якія ўласцівы толькі соцыялізму. Мы будзем вучыцца ў цябе, свайго правадыра, як трэба клапаціцца аб людзях, як трэба вырошчваць кадры. Гэты лозунг мы ўспрыймаем як генеральную праграму сваёй работы”.

“Добры вечар”, 1995 год:

“На чарговым пасяджэнні кансультатыўнай нарады патрыятычна-дэмакратычных сіл прыняты зварот да народа Беларусі “Аб рэферэндуме”. Калі рэферэндум адбудзецца, жыць стане яшчэ горш. Толькі змена адной сімволікі абыдзецца амаль у трыльён рублёў (па 100 000 на кожнага грамадзяніна Беларусі). Дзве дзяржаўныя мовы падвояць аб’ём дакументаабарота ў дзяржаве і запатрабуюць дзесяткі тысяч працоўных месц для бюракратаў… Дэмакраты прапануюць выбаршчыкам перакрэсліваць бюлетэні і апускаць іх перакрэсленыя. На гэтым пасяджэнні да ліку пастаянных удзельнікаў нарады далучыліся яшчэ дзве партыі — “Аматараў піва” і “Нацыянальная”.
XS
SM
MD
LG