Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плюс 10 градусаў. Пачалі адключаць гарачую ваду


Ганна Соусь, Менск Нягледзячы на халоднае надвор’е, 11 траўня ў Менску ды іншых гарадах Беларусі пачалося плянавае адключэньне гарачай вады. Ці магчыма абыйсьціся без гэтых штогадовых адключэньняў, якія працягваюцца некалькі тыдняў?

Менскія ўлады пачалі плянавае адключэньне гарачай вады ў шэрагу раёнаў гораду на розныя тэрміны – ад 11 траўня да 31 траўня ці да 4 чэрвеня. Я пацікавілася меркаваньнямі на гэты конт жыхароў дамоў, у якіх ад сёньняшняга дня адсутнічае гарачая вада. Адметна, што многія мае суразмоўцы, кажучы пра нязручнасьць адключэньня, былі ўпэўненыя ў неабходнасьці прафіляктычных працаў.

(Спадарыня: ) “Напэўна, мэтазгодна ваду адключаць, паколькі, верагодна, патрэбна праводзіць рамонт нейкіх камунікацый”.

(Спадар: ) “Яны ж не адключаць яе на 2-3 месяцы, а на тыдзень, другі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці сапраўды гэта патрэбна? Ці можна абыйсьціся без штогадовага адключэньня гарачай вады”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што можна абысьціся. Максымум, хаця б на тыдзень адключалі. А 2-3 тыдні – гэта ўжо зашмат”.

(Спадарыня: ) “Выглядае, што патрэбна. За год назьбіраецца ў трубах…”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы будзеце абыходзіцца без гарачай вады, бо даволі халодна яшчэ…”.

(Спадарыня: ) “Дык ваду будзем грэць”.

А вось як патлумачыла неабходнасьць адключэньня гарачай вады супрацоўніца арганізацыі “Менскія цеплавыя сеткі” Натальля Майсак.

(Майсак: ) “80 адсоткаў абсталяваньня і трубаў – старыя. Іх штогод крыху рэстаўруюць, але новыя ў сувязі з адсутнасьцю сродкаў не ставяць. Калі адключаюць ваду, шукаюць усе магчымыя сьвішчы, слабыя месцы на трубах і рамантуюць”.

Як распавёў Радыё Свабода супрацоўнік арганізацыі, якая займаецца пастаўкай трубаў для будаўніцтва жылых дамоў, адключэньні гарачай вады выкліканыя адсутнасьцю сучасных якасных трубаў і фільтраў для вады.

(Спадар: ) “Калі пачала іржа ў вадзе з’яўляцца, то яны хлёрку закідваюць, розныя кіслоты, і адначасова зьнішчаюць усе мікробы ў гэтых трубах. У нас якасныя поліпрапіленавыя трубы пачнуць ставіць, напэўна, толькі ў канцы стагодзьдзя. А так ставяць чорныя трубы, якія і даюць гэтую іржу. А ў нас ацынкаваныя і поліпрапіленавыя трубы ідуць на элітныя дамы. Да таго ж, у старых трубах не бывае якаснай вады. Фільтры патрэбныя”.

Да гэтага варта дадаць, што і ў нядаўна пабудаваных гэтак званых элітных дамах гэтаксама праводзяцца плянавыя адключэньні гарачай вады.

У адрозьненьне ад Менску ды абласных гарадоў, у многіх райцэнтрах гарачую ваду адключаюць разам з ацяпленьнем, і потым уключаюць толькі на выходныя. Пры гэтым у некаторых райцэнтрах і большасьці вёсак і пасёлкаў Беларусі гарачай вады няма ўвогуле.
XS
SM
MD
LG