Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія журналісты пабывалі ў Александрыі, на радзіме Лукашэнкі


Алена Струве, Менск Журналіст нямецкай Frankfurter Rundschau Томас Розэр прапануе чытачам газэты турыстычны маршрут у Александрыю – мястэчка, дзе 50 год таму нарадзіўся прэзыдэнт Беларусі, якога многія называюць “апошнім дыктатарам Эўропы”

“Усё тое, што мы маем, мы паказваем ахвотна”,– падкрэсьлівае адзін з кіраўнікоў Шклоўскай адміністрацыі Мікалай Чабешка ў размове зь нямецкім журналістам.

Як піша Frankfurter Rundschau, сваімі нешматлікімі турыстычнымі славутасьцямі гэты сельсавет, што геаграфічна разьмешчаны на поўдні ад Віцебску, абавязаны свайму славутаму земляку. Менавіта тут, у мястэчку Александрыя, у 1954-м нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка. Потым у суседнім Шклове пачалася кар’ера чалавека, якога ў Эўропе многія называюць “апошнім дыктатарам”.

“Лукашэнка – гэта практык, сумленны і сьціплы чалавек,-– распавядае журналісту раённы апаратчык, -- Лукашэнка вельмі добра ведае мэнталітэт нашага народа. Гэта ў вас, у Нямеччыне, усё інакш. У вас канцлер нічога не вырашае, таму што ня мае ніякага ўяўленьня пра многія рэчы”.

На ўзбочыне дарогі раённы кіраўнік спыняе старога дзядзьку: гэты мінак мусіць шмат чаго паведаміць пра маладога Лукашэку. Але здараецца нечаканасьць... З вуснаў старога селяніна замест гімну бацьку чуюцца скаргі на недахопы ў гаспадарцы. Для функцыянэра гэта як знак працягваць шлях далей. “Стары ўвогуле зь іншай вёскі”,– удакладняе ён.

...Калідоры галоўнай школы ў Александрыі зіхацяць ад чысьціні. ”Нашая вёска заўсёды была зьвязаная зь імем Аляксандар, -гаворыць настаўніца Натальля Емельянава. У памяшканьні школьнага музэя – партрэт чалавека з характэрнай прычоскай.

“Увогуле, Александрыя –гэта вёска, а не прэзыдэнцкі музэй, – працягвае гэтая кабета з драўлянай указкай.- Аднак, усім ясна, гэта Лукашэнкава школа”. Кіраўніца музэю зь цеплынёй у голасе цытуе словы Лукашэнкавай маці пра юнага Сашу: ”Сьціплы, спрытны і здольны ў матэматыцы”.

У школьным фотаальбоме сабраныя, бадай, усе фотаздымкі пра дзяцінства і юнацтва славутага жыхара Александрыі і таксама пра ягонае наведаньне родных пенатаў ужо ў якасьці кіраўніка дзяржавы. На першай старонцы альбому – ганаровы запіс самога Лукашэнкі пра тое, што менавіта школьныя гады сфармавалі яго. ”Пра апазыцыю мы нічога ня хочам гаварыць”,– кажа настаўніца, калі закранаецца тэма апошніх затрыманьняў праціўнікаў Лукашэнкі.

...У драўляным будынку старой школы усё мае сваё месца, -піша Frankfurter Rundschau. На сьцяне –карта Савецкага Саюза. У шкляной шафе –творы Маркса і Леніна. Галоўны ж рэлікт – школьная парта з адпаведнай шыльдай. Тут, паводле гідаў, славуты зямляк сустрэў сваё першае каханьне, якое стала потым ягонай першай жонкай. Экскурсаводы таксама дэманструюць і першую асадку беларускага кіраўніка.

Яшчэ чатыры гады таму ў Александрыі, непадалёк ад школы, стаяла старая хата Лукашэнкаў,– піша Frankfurter Rundschau. Аднак, “з уласьцівай яму сьціпласьцю прэзыдэнт адмовіўся адрамантаваць яе”,– паведаміў газэце шклоўскі начальнік. Замест гэтага сельсавет пабудаваў прэзыдэнту адмысловы домік на час наведаньня родных мясьцінаў. Каб кіраўнік дзяржавы змог моўчкі ўзгадаць сваё дзяцінства, пад старым цісам маленькімі прыгожымі каменьчыкамі выкладзены малюнак ягонай роднай хаты са старой драўлянай прыбіральняй.
XS
SM
MD
LG