Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля датэрміновага заканчэньня хакейнага чэмпіянату сьвету для зборнай Беларусі трэнэр Глен Хэнлан ад’ехаў у Канаду


Ігар Карней, Менск Двума паразамі скончыўся хакейны чэмпіянат сьвету ў Аўстрыі для зборнай Беларусі. Прайграўшы 9 траўня зборнай Швэйцарыі 2:0, на наступны дзень беларусы зноў саступілі – гэтым разам камандзе Чэхіі, з лікам 5:1. Аднак, паводле канадыйскага трэнера беларускай зборнай Глена Хэнлана, каманда выканала задачу-мінімум, застаўшыся ў эліце ўсясьветнага хакею. Спартовыя экспэрты тым часам канстатуюць, што на роўных змагацца з мацнейшымі хакейнымі зборнымі сьвету ў беларусаў пакуль што не атрымліваецца.

Пасьля двух запар паразаў зборная Беларусі заняла перадапошняе месца ў сваёй групе і пакінула чэмпіянат сьвету. Тым ня меней, назіральнікі кажуць, што гэта яшчэ не самы горшы зыход для каманды, якая зьмяніла трэнэра літаральна напярэдадні спаборніцтваў. Такое меркаваньне падзяляе і спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Павел Баранаў.

(Баранаў: ) “Задача-мінімум выкананая: нашыя засталіся ў эліце. Тое, што тычыцца пройгрышаў славакам, расейцам, ці, як напярэдадні, чэхам, то тут нічога не зробіш: ёсьць адпаведны кляс, мы яшчэ ня можам змагацца з элітай і мэдалі ў бліжэйшай будучыні нам ня сьвецяць. Калі яны і будуць на нейкім усясьветным форуме, то гэта будзе хутчэй выключэньне, чым правіла – як, прыкладам, перамога над швэдамі ў Солт-Лэйк-Сіці... Шкада, што Хэнлана з намі не было ў Рызе – калі б ён быў на трэнэрскім мосьціку, мы патрапілі б на Алімпіяду. Таму я б адзначыў яго працу больш станоўча, чым адмоўна”.

Як паведамілі ў Беларускай фэдэрацыі хакею, Глен Хэнлан у блізкім часе ня мае намеру вяртацца ў Беларусь. З Вены ён адляціць на радзіму і пытаньне далейшага супрацоўніцтва з камандай Беларусі застаецца збольшага адкрытым. Гаворыць прадстаўнік фэдэрацыі Сьвятаслаў Кісялёў.

(Кісялёў: ) “Ён не прыедзе зараз у Беларусь. Трэнэр ужо ўсе ацэнкі зрабіў. А ўвогуле, ён ацэнкі не выстаўляе хакеістам. Ацэнкі няхай выстаўляюць усе астатнія”.

Я пацікавіўся ў спадара Кісялёва, ці ёсьць усё ж верагоднасьць, што кантракт з канадыйскім спэцыялістам будзе працягнуты?

(Кісялёў: ) “Перадусім, кантракту не было. Мяркую, што ён будзе працаваць з беларускай зборнай. Але яшчэ раз кажу: кантракту не было і ня будзе”.

На думку спартовага камэнтатара Паўла Баранава, на карысьць беларусам аказаўся і крыху заблытаны рэглямэнт спаборніцтваў, які дазваляў тром камандам з групы (а не, як звычайна, дзьвюм) выходзіць на далейшую стадыю. А ці няма адчуваньня, што штогадовыя чэмпіянаты сьвету спрыяюць зьмяншэньню інтарэсу да гульні? Ці не лепей было б рабіць большыя прамежкі паміж усясьветнымі спаборніцтвамі? Гаворыць Павел Баранаў.

(Баранаў: ) “Чэмпіянат сьвету пакідае такое ўражаньне, што гэта экспэрымэнт, які доўжыцца ўжо гадоў 15: зьмяняецца фармат, зьмяняецца рэглямэнт амаль што кожны сэзон. Але, гледзячы на заўзятараў, у тых краінах, дзе хакей на высокім узроўні, папулярнасьць не ўпала. Што да астатніх, то ў Гішпаніі ці Італіі хакей ніколі ня быў вельмі папулярным відам спорту. Таму, калі і ўзьнік нейкі інтарэс у пэўнай часткі аўдыторыі, то толькі з прычыны лякаўту ў НХЛ”.

У чвэрцьфінал чэмпіянату сьвету выйшлі зборныя Чэхіі, Расеі, Славаччыны, Швэйцарыі, Канады, ЗША, Швэцыі і Фінляндыі.
XS
SM
MD
LG