Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт Саюзу палякаў з уладамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня 11 траўня Горадні ў Саюзе палякаў адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя. Кіраўніцтва гэтай грамадзкай арганізацыі схільныя лічыць, што ўлады ўмешваюцца ў яе справы. Днямі суд аднавіў на пасадзе галоўнага рэдактара газэты “Глос з-над Немна” Анджэя Дубікоўскага, якога звольніла Галоўная Рада Саюзу палякаў. У сувязі з гэтым рашэньнем суду ня выйдуць два наступныя нумары газэты.

Ленінскі раённы суд гораду пастанавіў, што Саюз палякаў павінен кампэнсаваць Анджэю Дубікоўскаму маральныя страты, а таксама заплаціць судовыя выдаткі, разам—мільён рублёў. Зважаючы на гэта Галоўная управа Саюзу вырашыла прыпыніць выданьне “Глоса з-над Немну”, бо грошай на яго друк і так не хапае.

У паведамленьні для прэсы Галоўнай управы Саюзу зазначана, што “Дэ-факта рашэньне суду азначае ўмяшаньне ў дзейнасьць кіроўных органаў нашай арганізацыі і ўводзіць двоеўладзьдзе ў Грамадзкае аб’яднаньне “Саюза Палякаў на Беларусі”. І далей: “На нашую думку, пацьвярджэньне вышэйшымі судовымі інстанцыямі ўзгаданага рашэньня будзе азначаць адкрытае ўмяшаньне беларускай дзяржавы ў справы арганізацыі і—кіраваньне ёй уладамі”. У Саюзе палякаў мне паведамілі, што літаральна сёньня будзе пададзена касацыйная скарга на судовае рашэньне адносна спадара Дубікоўскага ў абласны суд.

Канфліктная сытуацыя ў Саюзе палякаў зьвязаная са зьменай кіраўніцтва. У сакавіку на зьезьдзе абралі новага старшыню Саюзу палякаў—Анжаліку Борыс, і потым замянілі рэдактара газэты Саюзу. Трэба сказаць, што спадар Дубікоўскі стаў галоўным рэдактарам таксама у выніку зьмены кіраўніцтва саюзу палякаў—на ранейшым зьезьдзе. Андрэй Пачобут, які прадстаўляў Саюз палякаў у судзе, сказаў мне, што да Дубікоўскага былі наступныя прэтэнзіі: пры ім прыблізна на траціну зьменшыўся наклад “Глоса з-над Немна”—больш чым на дзьве тысячы асобнікаў. Па-другое, прыблізна на дзьве траціны зьмест складаўся з перадрукаў з інтэрнэту, бракавала паведамленьняў з рэгіёнаў. А пры перадачы маёмасьці рэдакцыі новаму рэдактару выявілася, што не хапае аднаго кампутэра. І вось што гаворыць Андрэй Пачобут пра сам суд:

(Пачобут:) “Дубікоўскі быў зьняты з пасады на падставе рашэньня Галоўнай Рады Саюзу палякаў—гэта вышэйшы орган паміж зьездамі. Першы раз за 15 гадоў улады адмянілі рашэньне гэтага органу, раней такога ніколі не было. Гэта выклікала вялікую нэгатыўную рэакцыю, як унутры Саюзу палякаў, так і ў Польшчы. Усе цэнтральныя газэты Польшчы напісалі пра сытуацыю, якая склалася, што ўлады прызначылі галоўнага рэдактара насуперак жаданьню самой арганізацыі”. Спадар Дубікоўскі гаворыць, што кіраўніцтва Саюзу палякаў парушыла працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, звольніўшы яго паводле артыкулу “за сыстэматычнае невыкананьне загадаў кіраўніцтва”.

(Дубікоўскі:) “Звольнілі мяне з працы, каб вы былі ў курсе, цягам пяці хвілінаў. Я прыйшоў на працу ў дзевяць гадзінаў, калі кабінэты былі апячатаны, і мяне пачалі звальняць, таму што я адмовіўся аддаваць ключы людзям, уключаным у камісію па вопісу, якія не зьяўляліся штатнымі супрацоўнікамі арганізацыі”.

Спадар Дубікоўскі лічыць, што ў рашэньні суду аднавіць яго на працы, і тым самым скасаваць рашэньне Галоўнай Рады Саюзу палякаў, ніякай палітыкі няма. А што датычыць публікацыяў у польскай прэсе, дык ён схільны лічыць іх хутчэй тэндэнцыйнымі, паколькі да яго па камэнтар ніхто не зьвяртаўся. Хаця сам ён гэтых артыкулаў не чытаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG