Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы будзем згадваць, што жылі ў эпоху Сыса"<b/>


Казімір Яноўскі, Гомель 10 траўня, акурат на Радаўніцу, у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну пад бел-чырвона-белым сьцягам, у нацыянальнай кашулі-вышыванцы пахавалі выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса.

Сёстры паэта Тамара і Валянціна лічаць, што Анатоль найперш шмат чаго ўзяў ад сваіх бацькоў. Маці, настаўніца пачаткоўцаў, вучыла сваіх дзяцей і, канешне, Анатоля роднай мове. Бацька, звычайны кіроўца, быў майстрам на прыдумкі. Успамінае сястра паэта Тамара, загадчыца дзіцячага садка ў Рэчыцы:

(Тамара:) “Ён нам у дзяцінстве маляваў коцікаў, сабачак, прыдумляў усялякія казачкі. Акраец хлеба прынясе ад свайго абеду: “Я па лесе ішоў, зайчыка сустрэў. Зайчык акрайчык даў, каб вы яго з`елі. І вось з гэтым зайчыкам мы пражылі ўсё сваё дзяцінства. Не толькі Толя, але і мы”.

Зьнешні асяродак таксама фармаваў творчую натуру. Увесну Толя любаваўся квеценьню пасаджаных бацькам груш, яблынь. Адну зь яблынь на падворку вывернуў з зямлі вецер. Але некаторыя карані засталіся ў зямлі. Сьпілаваць яе Толя не даў. Амаль ляжачая яблыня і сёлета вось-вось успыхне бялюткімі пялёсткамі і дасьць свае плады.

А колькі раздольля адкрываецца на Дняпро з высокага старажытнага гарадзішча! Стаіш тут, і ў цябе нібы крылы вырастаюць Гэтае гарадзішча, па мясцоваму “гарадок”, Анатоль бараніў ад вынішчэньня, не хацеў, каб бралі тут пясок, разбуралі гісторыю. Успамінае сястра Валянціна:

(Валянціна:) “Анатоль вельмі любіў Беларусь, вельмі любіў Гарошкаў. Гарошкаў для яго, ён казаў, рай боскі”.

Анатоль па натуры быў добрым чалавекам, з вялікім запасам гумару, але яшчэ з большай доляю бесшабашнасьці. Далёка не ўсе разумелі яго. Бо хто яшчэ можа ў адных трусах, стаўшы на табурэтку, дэклямаваць вершы.

Аднагодкі паэта распавядалі мне, што ён дужа забаўна апісваў вясковы побыт, скарыстоўваючы мянушкі. А хто такіх ня меў, то Анатоль і сам прыдумляў іх, прыкмячаючы характэрныя рысы чалавека. Зь яго лёгкай рукі невялікую штучную саджалку вяскоўцы называюць цяпер возерам Хасан.

Старэйшы брат Анатоля Віктар прыгадвае колькі радкоў з паэмы пра возера:

(Віктар:) “Плывуць па возеры Хасан Анюта Бебка і Тарзан”.

Калі ў Менску выйшла першая кніжка Анатоля “Агмень”, ён прывёз ладны стос асобнікаў у Гарошкаў і раздарыў землякам, прыдумляючы на хаду адмысловыя пасьвячэньні-эпіграмы.

У Гарошкаве жыве найбольш праваслаўны люд. Адпявалі нябожчыка айцец Іван ды мясцовы хор пеўчых. Жалобная працэсія ішла па вёсцы з харугвамі, спынялася на хвілю ля хатаў сваякоў. Гэта, каб памерлы разьвітаўся з імі.

На Радаўніцу гарошкаўцы прыносяць на магілы продкаў жывыя і штучныя кветкі, вянкі. Памінаюць сваіх продкаў чаркамі гарэлкі альбо віна. За колькі дзён да Радаўніцы падфарбоўваюць агароджы, ачышчаюць магільныя грудкі ад леташняй лістоты ды сухой травы.

Дарэчы, могілкі ў Гарошкаве надзвычай прыгожыя - спрэс у бялюткіх бярозах. З узвышша відаць Дняпро.

Сябра Анатоля Сыса Эдуард Акулін прысьвяціў гарошкаўскім могілкам адмысловы верш, які і прачытаў над труною нябожчыка пад веснавы пошум бяроз:

(Акулін:) “Ах, якія могілкі прыгожыя На радзіме Толіка Сыса, Дзе бярозай стала ледзь ня кожная У Дняпро схаваная душа. Хораша пры бацькавай магіле Тут пачуць на Радаўніцу гром. І ня страшна нават ні на хвілю Прычакаць апошні свой паром”.

(Акулін:) “Я сябраваў з Анатолем. Я заўсёды захапляўся ягонай радзімай, Гарошкавым, гэтымі прыгожымі могілкамі. Верш называецца “Зайздрасьць, але гэта зайздрасьць была сьветлая. Я думаю, што праз колькі часу мы будзем згадваць, што мы жылі ў эпоху – эпоху Сыса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG