Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну пад бел-чырвона-белым сьцягам пахавалі выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса


Казімір Яноўскі, Гарошкаў Сёньня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну пад бел-чырвона-белым сьцягам у кашулі-вышыванцы пахавалі выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса. Ён раптоўна памёр у Менску на 46-м годзе жыцьця, пакінуўшы тры кніжкі вершаў. Пасьля разьвітаньня ў Доме Літаратара нябожчыка прывезьлі ў родную вёску.

У апошні шлях паэта праводзіла багата вяскоўцаў. Прыехалі ягоныя сябры- літаратары зь Менску. Былі і асобныя выкладчыкі з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дзе на філялягічным факультэце вучыўся Анатоль Сыс.

Родная сястра паэта Валянціна ўспамінае, што Анатоль, самы меншы з чатырох дзяцей ў сям’і Марыі і Ціхана Сысоў, нарадзіўся ўначы 26 кастрычніка 1959 году, акурат пасьля пажару. Маці, настаўніца пачатковых клясаў, была цяжарная братам. Дапамагала надвячоркам суседцы падліць газы ў запаленую лямпу. Неасьцярожнасьць вясковай кабеты і прывяла да апёкаў і пажару ў хаце:

(Валянціна:) “Ён рос у нас на руках зь сястрою, мы яго выняньчылі. Маці абгарэла і нарадзіла яго. У тую самую ноч, як быў пажар. Мы перад гэтым частаваліся райскімі яблычкамі. Брат напісаў пра гэта ў сваім вершы”.

Старэйшая сястра Анатоля Тамара прыгадала, што Анатоль са школьных гадоў захапляўся літаратураю, вывучаў гісторыю роднага краю. Асабліва цікавілі яго раскопкі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве, на правабярэжжы Дняпра. У студэнцкія гады ён бараніў гэтае гарадзішча ад вынішчэньня:

(Тамара:) “Калі з гарадзішча пачалі браць пясок і выбралі ўжо добрую яміну, Толя зьвярнуўся ў музэй, да ўладаў. Яго паслухалі, пайшлі насустрач. Паставілі знак, што гэтае месца зьяўляецца запаведнікам і ахоўваецца законам”.

Аднагодкі Анатоля прыгадваюць, што ён быў добрым, але надзвычай шабутным хлопцам. Спаў да самай восені на сенавале ў хлеўчуку, любіў выпіць. Езьдзіў у Сібір вывучаць жыцьцё. З гумарам апісваў вясковы побыт.

Менскі пісьменьнік Андрэй Федарэнка распавёў нашаму радыё пра апошні твор Анатоля Сыса:

(Федарэнка:) “Па тэлефоне перад самай сваёй сьмерцю Анатоль прачытаў мне свой верш. Я ня думаў, што ён будзе апошні. У мяне добрая памяць, і я, на сваё няшчасьце, запомніў яго, праўда, ня ўвесь:

Я іду па зямлі і зямной прыгажосьці дзіўлюся, Удыхаю пах кветак і роснай прывялай травы. Ды трывожней крычаць год ад году па восені гусі, Ды самотней курлычуць у небе мае журавы. Колькі добрых людзей я праводзіў у шлях у апошні І ніколі-ніколі мне іх не сустрэць, не пачуць. Прыйдзе час, я таксама пакіну вас, родныя пожні, Я пакіну вас, людзі, ды вельмі вярнуцца хачу…”

Пахавалі паэта на могілках побач з бацькам і маці. Могілкі гэтыя адметныя. На іх растуць бялюткія бярозы.

Сябра памёрлага паэта Эдуард Акулін прысьвяціў гэтаму месцу свой верш:

(Акулін:) “Ах, якія могілкі прыгожыя На радзіме Толіка Сыса, Дзе бярозай стала ледзь ня кожная У Дняпро схаваная душа. Хораша пры бацькавай магіле Тут пачуць на Радаўніцу гром. І ня страшна нават ні на хвілю Прычакаць апошні свой паром”.

Разьвітаньне з Анатолем Сысом. Менск, 9 траўня 2005. Фотарэпартаж
XS
SM
MD
LG