Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія стала апошнім пунктам цяперашняй паездкі прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша па краінах Эўропы


Юры Дракахруст, Прага Учора ўвечары ён прыляцеў у Тбілісі з Масквы, дзе ўдзельнічаў у сьвяткаваньні дня перамогі. У грузінскай сталіцы ён правеў перамовы з прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі і выступіў на шматтысячным мітынгу. Джордж Буш назваў Грузію “маяком свабоды для рэгіёну і сьвету”, ён вітаў жаданьне гэтай краіны далучыцца да НАТО, пацьвердзіў прыхільнасьць тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі. На прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт ЗША паведаміў, што атрымаў ад расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна абяцаньне вывесьці з Грузіі ваенныя базы.

Міхаіл Саакашвілі назваў візыт Джорджа Буша “велізарным дыпляматычным трыюмфам Грузіі”. Прыём госьця быў надзвычай цёплым, учора Буш нават станчыў пад грузінскую музыку падчас вячэры ў адным з тбіліскіх рэстаранаў. Сёньня дзясяткі тысячаў людзей, што сабраліся на плошчы Свабоды ў Тбілісі, воплескамі віталі кожную фразу амэрыканскага прэзыдэнта. Джордж Буш, дарэчы, стаў першым прэзыдэнтам ЗША, які наведаў Грузію.

У сваёй прамове Буш сказаў:

(Буш: ) “Вы сабраліся тут 18 месяцаў таму, узброеныя толькі ружамі і моцай вашых перакананьняў. І вы атрымалі свабоду. Вашыя дзеяньні зрабілі Грузію незалежнай і свабоднай, зрабілі яе маяком свабоды ў рэгіёне і сьвеце”.

Паводле Буша, грузінскі прарыў да свабоды стаў прыкладам для іншых краінаў – для Ўкраіны і Кіргізстану, і гэты марш ня скончаны.

(Буш: ) “Цяпер па ўсім Каўказе, у Цэнтральнай Азіі і ў вялікім Блізкім Усходзе мы бачым тое самае жаданьне свабоды, якое гарыць у сэрцах маладых людзей. Яны патрабуюць свабоды і яны атрымаюць яе”.

Разам з тым амэрыканскі кіраўнік нагадаў, што зрынаньне дыктатураў – гэта першы крок да ўстойлівай дэмакратычнай сыстэмы.

(Буш: ) “У глябальным змаганьні за свабоду нашыя абавязкі пачынаюцца дома. Мірныя рэвалюцыі здолелі зрынуць рэпрэсіўныя рэжымы, аднак галоўная патрэба – пабудаваць на іх месцы свабодныя інстытуты. Гэта цяжкая праца, і вы робіце яе з годнасьцю і рашучасьцю”.

Грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі не хаваў, што спадзяецца на спрыяньне Амэрыкі ў складаных дачыненьнях Тбілісі з Масквою. Кіраўнік Грузіі не паехаў на сьвяткаваньне дня перамогі ў Маскву з прычыны зацягваньня перамоваў аб вывадзе з Грузіі расейскіх ваенных базаў. На прэсавай канфэрэнцыі ў Тбілісі Джордж Буш паведаміў, што гэтая праблема была сярод тэмаў ягоных перамоваў у Маскве.

(Буш: ) “Пуцін нагадаў мне пра дзейнае пагадненьне 1999 году. Паводле яго, расейцы хочуць працаваць з урадам Грузіі, каб выканаць умовы гэтага пагадненьня. Мяркую, што гэты настрой важны для грузінскага народу. Гэта паказвае, што ёсьць падмурак для вырашэньня гэтага канфлікту”.

Амэрыканскі прэзыдэнт некалькі разоў адзначаў унёсак Грузіі ў змаганьні за свабоду ў Іраку і Афганістане, Буш падзякаваў за тое, што летась у самы разгар тэрарыстычных нападаў у Іраку Грузія ў 5 разоў павялічыла свой вайсковы кантынгент у гэтай краіне. Прэзыдэнт ЗША выказаў гатовасьць спрыяць высілкам Грузіі далучыцца да эўраатлянтычных інстытуцыяў, у прыватнасьці да НАТО.

(Буш: ) “Спадар прэзыдэнт казаў пра намер выканаць умовы, неабходныя дзеля далучэньня да НАТО. Спадар прэзыдэнт мы гатовыя працаваць разам з вамі, каб вы выканалі гэтыя умовы. НАТО – вельмі важны саюз для Злучаных Штатаў. Гэта месца, дзе мы узгадняем стратэгічныя пазыцыі з нашымі трансатлянтычнымі сябрамі. Мы хочам дапамагчы вам патрапіць туды”.

Гаворачы пра асабліва вострае для Грузіі пытаньне дачыненьняў з сэпаратысцкімі аўтаноміямі – Абхазіяй і Паўдзённай Асэтыяй Джордж Буш падкрэсьліў, што ўсе дзяржавы павінны паважаць тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Грузіі, разам з тым ён заявіў, што канфлікты з сэпаратысцкімі рэгіёнамі павінны вырашацца мірным шляхам, паводле Буша, гэта ёсьць умовай інтэграцыі Грузіі ў эўраатлянтычную супольнасьць.

Зьвяртаючыся да дзясяткаў тысячаў грузінаў, што слухалі яго на плошчы Свабоды, Джордж Буш запэўніў, што Амэрыка будзе разам зь імі.

(Буш: ) “Шлях свабоды, які вы абралі – гэта нялёгкі шлях, але вы ня будзеце ісьці па ім адны. Амэрыканцы паважаюць ваш сьмелы выбар на карысьць свабоды і паколькі вы будуеце свабодную і дэмакратычную Грузію, амэрыканскі народ будзе з вамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG